Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984364_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2019 02:13
10.12.2018 12:32 Грамадства

Ветэраны вайны ў афганістане заклікалі беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару

Мінск, 10 снежня. Ветэраны вайны ў Афганістане заклікалі беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Адпаведны зварот накіраваны 10 снежня кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай і старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку.

Дакумент падпісалі кіраўнік праваабарончага цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане "Абаронцы Айчыны" Аляксандр Камароўскі.

Як падкрэсліваецца ў звароце, Беларусь з'яўляецца адзінай у Еўропе краінай, дзе смяротныя прысуды выносяцца і прыводзяцца ў выкананне.

"Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека, — гаворыцца ў звароце. — Прыгавор суда прыводзіцца ў выкананне праз расстрэл. Сваякам аператыўна не паведамляюць аб факце расстрэлу, не даюць апошняе спатканне напярэдадні пакарання смерцю, не выдаюць целы расстраляных для пахавання, а месца іх пахавання трымаецца ў таямніцы. Расстрэл робіцца адмысловай брыгадай супрацоўнікаў унутраных спраў".

Калі дзяржава прымяняе смяротнае пакаранне, адзначаюць аўтары звароту, то тым самым "надае законную сілу наўмысным забойствам асуджанага чалавека да вышэйшай меры пакарання, што спараджае новае забойства". Яны заклікаюць ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і падкрэсліваюць, што гэты від пакарання можа быць заменены на пажыццёвае зняволенне.

"Прававыя падставы для гэтага ёсць: мараторый на смяротнае пакаранне можа быць уведзены альбо указам прэзідэнта, альбо яно можа быць адмененае рашэннем Палаты прадстаўнікоў, — гаворыцца ў звароце. — Ужыванне смяротнага пакарання ў Беларусі працягвае перашкаджаць усталяванню больш цесных сувязяў краіны з Саветам Еўропы. Адмена смяротнага пакарання на заканадаўчым узроўні ці на практыцы з'яўляецца адной з абавязковых умоў сяброўства ў Савеце Еўропы".

Волчак і Камароўскі лічаць, што праблемы з узроўнем злачыннасці не могуць быць вырашаныя праз забойства. "Мы абгрунтоўваем сваю прапанову на міжнародным вопыце іншых краін, калі смяротнае пакаранне не з'яўляецца мерай абароны і фактарам стрымання для зніжэння ўзроўню злачыннасці ў краіне, — адзначаецца ў звароце. — Мы заклікаем улады да ўвядзення мараторыя замяніць ужо вынесеныя смяротныя прысуды пажыццёвым турэмным зняволеннем. Гэта будзе рашучы крок, які наблізіць Рэспубліку Беларусь да агульнаеўрапейскіх стандартаў".

З пачатку года ў Беларусі пакаралі смерцю чатырох чалавек: неаднаразова судзімага жыхара Нароўлі Аляксея Міхаленю, які ў сакавіку 2016 года здзейсніў забойства суседзяў-пенсіянераў; Віктара Лётава, які ў 2017 годзе быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім, а таксама двух фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін памілаваны прэзідэнтам.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН