Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984365_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 10:08
10.12.2018 12:03 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь поўная рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам

Мінск, 10 снежня. Беларусь поўная рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 снежня на перамовах у Мінску з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам.

"Я хачу вас запэўніць у тым, што мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе нашы дамоўленасці настолькі хутка, наколькі будзе ваша воля і воля суданскага боку", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён нагадаў пра свой візіт у Хартум у студзені 2017 года. "Нам тады ўдалося дасягнуць шэрагу дамоўленасцяў, якія, безумоўна, змогуць вывесці нас на вельмі высокі ўзровень супрацоўніцтва. Прынамсі, мы зможам стварыць фундамент нашых адносін, выканаўшы гэтыя дамоўленасці", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён дадаў, што візіт прэзідэнта Судана ў Мінск у снежні з Хартума, дзе трыццаціградусная спякота, — гэта "добры экстрым". "Мне вельмі прыемна, што вы прыехалі да нас зімой. Праўда, сёння не зімовы дзень, але для таго, каб адчуць сябе на поўначы, тэмпературы дастаткова", — адзначыў Лукашэнка.

"Для мяне вялікае шчасце сёння быць у Беларусі — сяброўскай для нас краіне, — заявіў у сваю чаргу Амар Хасан Ахмед аль-Башыр. — Хачу пацвердзіць, што нашы адносіны ўмацоўваюцца. Асабліва пасля вашага візіту ў Судан летась. У нас ёсць шмат супадзенняў у нашых адносінах: палітычнае, эканамічнае і нават ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва".

Ён адзначыў, што адным з вынікаў візіту Лукашэнкі ў Судан стала рашэнне суданскага боку аб адкрыцці пасольства ў Беларусі. Прэзідэнт Судана падзякаваў Беларусі за падтрымку і дапамогу ў гэтым пытанні.

"Мы сумесна з Беларуссю можам шмат зрабіць, — дадаў ён. — Мы падтрымліваем адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, па пытаннях, якія датычацца падтрымкі мірных ініцыятыў".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН