Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984374_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:18
10.12.2018 13:07 Палітыка, Грамадства

Міліцыя рассказала падрабязнасці затрымання актывіста Яўгена Афнагеля

Мінск, 10 снежня. Міліцыя распавяла падрабязнасці затрымання апазіцыйнага актывіста Яўгена Афнагеля і яго жонкі.

Як паведамлялася, Афнагель быў затрыманы 5 снежня ў Калодзішчах, куды разам з жонкай ездзіў на склад будматэрыялаў, каб набыць лісты металу для варот свайго дома.

З паведамлення УУС Мінаблвыканкама вынікае, што 5 снежня супрацоўнікі крымінальнага вышуку і ДАІ Мінскага РУУС сумесна праводзілі рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні выкрадзенага аўтатранспарту. У Калодзішчах для праверкі дакументаў быў спынены аўтамабіль "Сітраен", у салоне якога знаходзіўся Афнагель, а яго жонка кіравала транспартным сродкам.

"Падышоўшы да аўтамабіля, супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу, што на складзеным заднім сядзенні перавозяцца шэсць металічных пласцін. Як растлумачылі грамадзяне, гэтую прадукцыю яны купілі, аднак якія-небудзь дакументы, што пацвярджаюць набыццё, даць не змаглі", — гаворыцца ў паведамленні.

Для правядзення праверачных мерапрыемстваў кіроўцы і пасажыра даставілі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага РУУС. Высветлілася, што ў гэты дзень Афнагель з жонкай прыехалі на тэрыторыю базы ААТ "Мінская ПМК", размешчанай у Калодзішчах, дзе за 150 рублёў "з рук" купілі метал у невядомага.

У ходзе далейшых праверачных мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што металічныя пласціны, якія належаць ААТ "Мінская ПМК", выкрадзеныя. Да гэтага датычны 54-гадовы зваршчык названага прадпрыемства, які рэалізаваў пласціны Афнагелю за 150 рублёў.

У дачыненні да работніка прадпрыемства складзены пратакол па ч. 2 арт. 10.5 КоАП (дробны крадзеж маёмасці, учынены паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання). Затрыманы змешчаны ў ІЧУ Мінскага РУУС.

З мэтай устанаўлення ўсіх абставінаў правапарушэння праводзяцца дадатковыя праверачныя мерапрыемствы.

У дачыненні да кіроўцы аўтамабіля "Сітраен" складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 5 арт. 18.12 КоАП (кіраванне транспартным сродкам, які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд).
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН