Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984378_984379/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2019 02:12
10.12.2018 13:46 Грамадства

СК завяршыў расследаванне ў дачыненні да начальніка патолагаанатамічнага бюро, які абвінавачваецца ў атрыманні хабараў

Мінск, 10 снежня. Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро Мінска.

Ён быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС з доказамі злачынства падчас атрымання хабару на працоўным месцы ў чэрвені 2018 года.У ходзе следства ўстаноўлена, што са студзеня 2002 года па чэрвень 2018 года ён на рэгулярнай аснове прымаў грашовыя сродкі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, абвінавачваны атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў прыватных прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў за магчымасць пастаўляць патолагаанатамічнаму бюро прадукцыю, якая вырабляецца імі (труны, драўляныя крыжы і іншае), для наступнай рэалізацыі праз краму рытуальных прылад установы або аказваць паслугі па перавозцы цел памерлых да месцаў пахавання. Памер хабару штомесяц складаў каля 10% ад кошту тавару, пастаўленага ў адрас крамы бюро. У выпадку з прадпрымальніцкай дзейнасцю па перавозцы цел дзейнічаў тарыф — 100 долараў за адзін аўтамабіль.

Таксама ўстаноўлены факты перадачы грашовых сродкаў абвінавачванаму санітарамі морга за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні і прадаўжэнні працоўных кантрактаў, аб змене ўмоваў працы, аб дачы магчымасці аказваць грамадзянам платныя не медыцынскія рытуальныя паслугі. Памеры ўзнагарод для кіраўніка, якія перадаваліся яму штомесяц, складалі не менш за 10% ад заробку работнікаў.

У справе таксама фігуруе эпізод аб заключэнні з дырэктарам прыватнага прадпрыемства дагавора арэнды памяшкання бюро для яго далейшага выкарыстання ў якасці крамы рытуальных паслуг. Начальнік бюро за нескасаванне дагавора і прадаўжэнне тэрміну яго дзеяння ўказаў на неабходнасць перадачы яму грашовых сродкаў. Прадпрымальнік некаторы час перадаваў штомесяц фіксаваную суму, аднак пасля адмовіўся працягнуць дачу хабару. У выніку службовая асоба спыніла дагаворныя адносіны з прадпрыемствам.

У ходзе расследавання было ўстаноўлена 24 эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачванага. Агульная сума незаконнай грашовай узнагароды склала больш за 390 тысяч беларускіх рублёў.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваны следчымі па ч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў буйным і асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Мужчына віну прызнаў цалкам. У ходзе следства даход, атрыманы злачынным шляхам, у поўным аб'ёме выплачаны ў рэспубліканскі бюджэт.

У адрас камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Следчым камітэтам унесена прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН