Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984405_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2019 02:10
10.12.2018 14:37 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Судан паспяхова рэалізуюць праект па здабычы золата

Мінск, 10 снежня. Беларусь і Судан паспяхова рэалізуюць праект па здабычы золата, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам 10 снежня ў Мінску.

Нагадаем, дамоўленасці аб тым, што беларускія спецыялісты будуць весці пошук і здабычу ў Судане золата, былі дасягнутыя падчас візіту ў гэтую краіну Аляксандра Лукашэнкі ў студзені 2017 года.

"З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя на гэты метал. Я вам удзячны, што вы прынялі рашэнне выдзеліць нам другое радовішча па здабычы золата", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках сваёй прадукцыі ў Судан, аднак гэта не галоўнае пытанне. Бакі дамовіліся арганізаваць сумесныя зборачныя прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя комплексы поўнага цыклу. Пры гэтым Беларусь можа навучыць суданскіх спецыялістаў працаваць на тэхніцы, якую плануецца вырабляць у гэтай краіне.

"Мы ў бліжэйшы час створым у Судане машынабудаўнічы цэнтр, дзе будзе ажыццяўляцца зборка трактароў, аўтамабіляў і будаўнічай тэхнікі. Таксама мы створым у вас малочнатаварныя комплексы і цяпліцы закрытага тыпу для вырошчвання гародніны і расады ў закрытым грунце", — паведаміў Лукашэнка пра новыя дамоўленасці.

Арганізацыі аховы здароўя Беларусі гатовы аказаць грамадзянам Судана высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу па ўсіх напрамках: ад нейрахірургіі да транспланталогіі. "У нас ёсць добрыя спецыялісты, якія змогуць навучыць вашых спецыялістаў гэтым высокатэхналагічным аперацыям", — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама лічыць перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва адукацыю, навуку, спорт і культуру. "Тут нам вельмі важна працаваць разам над рэалізацыяй гуманітарных праектаў", — заявіў Лукашэнка.

Падчас перамоваў прэзідэнт Судана прыняў рашэнне адмяніць падатак на вырабленую тэхніку для сумеснага прадпрыемства, якое ствараецца ў Хартуме. Гэта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

"Мы зможам гандляваць гэтай тэхнікай не толькі ў Судане і, як мы толькі што дамовіліся, у Паўднёвым Судане, але і ва ўсёй Афрыцы", — заявіў Лукашэнка.

Ён выказаў упэўненасць, што Беларусь і Судан у хуткім часе змогуць заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве ў банкаўскай сферы, якое дапаможа выпрацаваць надзейныя механізмы ўзаемаразлікаў.

"Нам трэба рухацца наперад і працягваць выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых у Хартуме. Мы гатовыя да адкрытага дыялогу, абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў нашых краін", — сказаў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН