Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984460_984461/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 07:22
10.12.2018 18:09 Эканоміка, Грамадства

У Беларусі абмяжоўваецца права на атрыманне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля для грамадзян, не занятых у эканоміцы

Мінск, 10 снежня. Аляксандр Лукашэнка 10 снежня падпісаў указы № 474 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" і № 473 "Аб долевым будаўніцтве".

Указам "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" павялічваецца памер такой падтрымкі для некаторых катэгорый грамадзян, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У дачыненні да дзяцей-сірот памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах у адпаведнасці з указам № 240 павялічваецца з 35% да 50%.

Для малазабяспечаных грамадзян, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жылля і працоўную дзейнасць у населеных пунктах на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці, памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў па камерцыйных крэдытах павялічваецца на 4 працэнтныя пункты.

Акрамя таго, грамадзянам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, даецца права на атрыманне субсідыі на пагашэнне 50% асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах.

Для шматдзетных сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, устанаўліваецца першачарговае права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі (як гэта прадугледжана для шматдзетных сем`яў, якія выхоўваюць чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей).

Таксама ўказам устанаўліваецца, што з 1 сакавіка 2019 года абмяжоўваецца права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля для працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Дзяржпадтрымка не будзе аказвацца сем`ям, у якіх усе працаздольныя члены сям`i не занятыя ў эканоміцы. Пры гэтым яны будуць мець права паўторна звярнуцца за яе атрыманнем, калі адпалі падставы для аднясення іх да грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Указ "Аб долевым будаўніцтве" прыняты ў мэтах удасканалення праваадносін бакоў пры долевым будаўніцтве аб`ектаў у Беларусі і адмяняе дзеянне ўказа ад 6 чэрвеня 2013 года № 263.

Прэс-служба прэзідэнта адзначае, што дакументам уводзіцца шэраг новых нормаў. У прыватнасці, шматдзетным сем`ям дадзена пераважнае права на атрыманне накіраванняў на долевае будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў або жылых памяшканняў у блакаваных жылых дамах.

Грашовыя сродкі ад продажу кватэр, пабудаваных за кошт уласных сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць пералічвацца на бягучыя рахункі гэтых прадпрыемстваў.

З улікам практыкі прымянення ўказа № 263 удакладняюцца істотныя ўмовы дагавораў долевага будаўніцтва, парадак апублікавання праектнай дэкларацыі, прыцягнення грашовых сродкаў дольшчыкаў, функцыянавання спецыяльных рахункаў, а таксама парадак фарміравання і змены цаны дагавора.

Саўміну даручана ў трохмесячны тэрмін вызначыць парадак заключэння, выканання і скасавання дагавора долевага будаўніцтва і зацвердзіць тыпавую форму такога дагавора. Дзеянне ўказа не распаўсюджваецца на аб`екты, дазвольная дакументацыя на будаўніцтва якіх дадзена да ўваходжання ў сілу гэтага дакумента.

Асноўныя палажэнні ўказа набудуць моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН