Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984494_999666/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 09:06
10.12.2018 20:10 Грамадства, Палітыка

Суд разгледзіць 18 снежня скаргу прэс-сакратара АГП Красулінай на рашэнне аб высылцы з Беларусі

Мінск, 10 снежня. Судовае пасяджэнне па скарзе прэс-сакратара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на яе высылку з Беларусі пройдзе 18 снежня.

Разгляд скаргі на рашэнне УУС пачнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска ў 16.00, паведаміла Красуліна БелаПАН.

Красуліна — грамадзянка Расіі, аднак пастаянна жыве ў Беларусі з 2002 года, тут у яе муж, двое дзяцей і бацькі. Рашэнне аб яе выдварэнні з краіны было прынятае 13 лістапада УУС Маскоўскага раёна сталіцы ў інтарэсах, як вынікае з дакумента, грамадскага парадку. Яна павінна была ў добраахвотным парадку пакінуць Беларусь да 30 лістапада.

Падставай для такога рашэння сталі тры адміністрацыйныя штрафы: два — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях ў 2016 і 2017 гадах, адзін — за не аплачаны своечасова праезд у грамадскім транспарце сёлета. Штрафы выплачаныя.

28 лістапада Красуліна падала скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо праз дзень, 30 лістапада, ёй паведамілі аб абгрунтаванасці высылкі з Беларусі і параілі добраахвотна пакінуць краіну да поўначы.

Каб пазбегнуць высылкі, Красуліна ў той жа дзень падала скаргу ў суд, перадаўшы копіі адпаведных дакументаў ва УУС Маскоўскага раёна. У сувязі з падачай скаргі яна працягвае заставацца ў краіне.

"Няхай сама падумае і ацэніць свае паводзіны", — заявіў 4 снежня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун на просьбу БелаПАН пракаментаваць рашэнне аб высылцы Красулінай.

"Калі чалавеку стукаюць па носе адзін раз, другі раз за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, то чалавек хаця б павінен задумацца. Калі ён хоча быць грамадзянінам, ён усё ж такі павінен натуралізавацца, — сказаў Бягун. — Калі ён не натуралізаваўся і з'яўляецца замежным грамадзянінам, то павінен разумець, на што мае права, на што не мае. Яна сама павінна падумаць".

На пытанне, ці магчымая змена рашэння аб высылцы, Бягун адзначыў, што Красуліна падала скаргу ў суд. "Гэта будзе спаборніцтва бакоў", — сказаў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239