Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/11/984527_984528_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:33
11.12.2018 09:42 Палітыка, Эканоміка

Перамовы пра кампенсацыю Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі правядуць у Маскве віцэ-прэм'еры дзвюх краін

Мінск, 11 снежня. Перамовы аб кампенсацыі Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі правядуць сёння ў Маскве віцэ-прэм'еры дзвюх краін Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак. Пра гэта Ляшэнка паведаміў журналістам напярэдадні падчас нарады ў расійскай сталіцы з кіраўнікамі суб'ектаў тавараправоднай сеткі беларускіх прадпрыемстваў.

Ляшэнка выказаў упэўненасць у станоўчым выніку перамоваў.

"Пасыл, які мы чулі ад кіраўнікоў дзяржаў у Санкт-Пецярбургу, кажа пра тое, што гэта будзе", — сказаў Ляшэнка, адказваючы на пытанне пра перспектывы вырашэння пытання аб кампенсацыі беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам.

"Наша бачанне простае: падпісваючы еўразійскія пагадненні ў 2016 годзе, там былі абумоўленыя як гранічныя сумы, так і прычыны атрымання гэтых кампенсацый, — адзначыў Ігар Ляшэнка. — Мы перадалі расійскаму боку абгрунтаванні па гэтых разліках. Нават да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у майго візаві з расійскага боку не выклікала сумневаў правільнасць разліку".

Ён дадаў, што дыскусія вядзецца з нагоды памераў кампенсацыі.

Падатковы манеўр прадугледжвае, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расіі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін, што можа прывесці да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі.

Страты Беларусі, выкліканыя падатковым манеўрам у нафтавай галіне Расіі, могуць скласці каля 8 млрд долараў. Такая ацэнка прыводзіцца ў даследаванні расійскай кансалтынгавай кампаніі Vygon Consalting.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239