Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/11/984617_984618/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 23:28
11.12.2018 16:35 Палітыка, Грамадства

Ярмошына: Сумяшчэнне выбарчых кампаній тоіць у сабе палітычныя турботы

Мінск, 11 снежня. Сумяшчэнне прэзідэнцкай і парламенцкай кампаній "тоіць у сабе шматлікія моцныя палітычныя турботы ў дзяржаве". У ідэале розніца паміж дзвюма кампаніямі павінна быць не меншай за год. Такое меркаванне ў інтэрв`ю БелаПАН выказала старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
У найбліжэйшыя два гады ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Згодна з заканадаўствам выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта — не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым не выключана, што адна з выбарчых кампаній можа прайсці ў 2019 годзе.

"Я думаю, што выбары будуць раз`яднаныя. Мне так здаецца, хоць мне пра гэта ніхто нічога не казаў", — падкрэсліла Ярмошына.

Кіраўнік ЦВК лічыць, што выбары "трэба разарваць па максімуму". "Мы можам фармальна не разрываць выбарчыя кампаніі, але паўгода палітычных баталій падчас выбараў — гэта таксама вельмі вялікія турботы для краіны. Я думаю, розніца паміж выбарчымі кампаніямі павінна быць, калі казаць пра ідэал, год. Таму можна казаць аб правядзенні адных з выбараў позняй восенню (2019 года. — БелаПАН.) — гэта былі б разумныя тэрміны", — заявіла Ярмошына.

Цэнтрвыбаркам, паводле яе слоў, ужо рыхтуецца да правядзення прэзідэнцкай і парламенцкай выбарчых кампаній. "Што датычыцца нашых дзеянняў па выбарах, то мы даручылі супрацоўнікам падрыхтаваць праекты пастаноў Цэнтральнай камісіі, якія прымаюцца папярэдне, для патрэб абедзвюх будучых выбарчых кампаній. У іх будуць агульныя пытанні, напрыклад аб парадку акрэдытацыі міжнародных назіральнікаў, вылучэнні нацыянальных назіральнікаў. Але функцыі тэрытарыяльных камісій на выбарах прэзідэнта і тэрытарыяльных і акруговых на парламенцкіх выбарах значным чынам адрозніваюцца. Падрыхтоўкай метадычных рэкамендацый па правядзенні выбараў, якія маюць адбыцца, мы і заняліся", — сказала кіраўнік Цэнтральнай камісіі.

Ярмошына таксама нагадала, што кіраўнік дзяржавы ў апошні час неаднаразова казаў пра тое, што мы неўзабаве ўступім у перыяд выбараў. "Я не люблю экспромту, таму заўсёды імкнуся, як у асабістым жыцці, і тым больш у прафесійным, да прыняцця рашэнняў рыхтавацца загадзя. Таму мы робім усё, каб была магчымасць пры неабходнасці выкарыстоўваць той ці іншы напрацаваны матэрыял", — адзначыла яна.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239