Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/11/984626_984627/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 17:17
11.12.2018 17:02 Палітыка, Грамадства

У Мінску будуць судзіць журналіста Генадзя Барбарыча за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі

Мінск, 11 снежня. Карэспандэнта "Беларускага Радыё Рацыя" (Польшча) Генадзя Барбарыча абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі пры падрыхтоўцы матэрыялу аб "справе БелТА".

Барбарыч расказаў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў, што ў нядзелю, 9 снежня, атрымаў па пошце пратакол з міліцыі і позву ў суд Партызанскага раёна на 16.30 13 снежня.

"Са мной з міліцыі ніхто нават не размаўляў. Пратакол склалі завочна за матэрыял, які тычыцца "справы БелТА". У пратаколе пазначана, што я знаходзіўся каля будынка Следчага камітэта ў Мінску, браў інтэрв'ю ў галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай і рыхтаваў матэрыял для "Радыё Рацыя", — расказаў Барбарыч.

Генадзь Барбарыч — вядомы беларускі журналіст. Раней працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газеце "Белорусы и рынок", з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Дзмітрыя Завадскага.

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, прыцягненне журналістаў да адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ стала сапраўдным бічом апошніх гадоў. Толькі ў гэтым годзе больш за 100 разоў беларускіх журналістаў штрафавалі на вялікія сумы за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" і "Беларускім Радыё Рацыя".

БАЖ з самага пачатку пераследу заяўляе аб незаконнасці прыцягнення журналістаў да адказнасці па арт. 22.9 КоАП.

"Аднак ні шматразовыя абскарджанні, ні кампаніі салідарнасці, ні прыцягненне міжнароднай грамадскасці не могуць спыніць пераслед калег. Гэта праблема была адной з тэм сустрэчы старшыні БАЖ Андрэя Бастунца з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, якая прайшла ў Вене 10 снежня", — падкрэслівае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН