Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/11/eu_984538_984539/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:46
11.12.2018 14:17 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Мы хочам, каб Германія, разумеючы нас, рабіла канкрэтныя крокі насустрач

Мінск, 11 снежня. Беларусь мае намер развіваць адносіны з Еўрапейскім саюзам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 снежня ў Мінску на сустрэчы з паслом Германіі Петэрам Дэтмарам.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён традыцыйна сустракаецца з пасламі, каб разумець перспектывы развіцця адносін з ключавымі партнёрамі.

"Такім з'яўляецца для нас і Германія. Я не хачу нічога тут утойваць, нягледзячы на тое што ў чарговы раз магу быць раскрытыкаваны з боку вядомых сіл і пісак, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Германія нас вельмі цікавіць у сувязі з тым, што, па-першае, немцы нас разумеюць, успрымаюць. Па-другое, гэта высокатэхналагічная, магутная краіна, і мы зацікаўлены ў інвестыцыях і тэхналогіях. Таксама ў нас існуе шэраг іншых інтарэсаў, пра якія я сёння гатовы з вамі пагаварыць".

"Я чакаю поўнай яснасці: чаго б Германія хацела ад Беларусі, што не падабаецца ў Беларусі? — заявіў Лукашэнка. — Я шчыра вам скажу, чаго бы мы хацелі атрымаць ад Германіі, ды і ад Еўрасаюза. Вы вядучая краіна, аплот Еўрасаюза, калі хочаце, галоўная захавальніца. Еўрасаюза без Германіі сёння проста б не было, а ён наш сусед. У нас прынцып адзін: з суседзямі трэба будаваць адносіны і жыць нармальна".

"Адзінае хачу сказаць, каб Германія — хаця немцы гэта разумеюць — ніколі не ставіла нас перад выбарам, — сказаў ён. — Вось амерыканцы гэта зразумелі. Размаўляў нядаўна з памочнікам дзяржсакратара, і ён мне прама сказаў: "Мы не хочам ставіць Беларусь перад выбарам: вы з Усходам або вы з Захадам". Мы там, дзе мы ёсць. Госпадам Богам гэта вызначана, і штурхаць нас туды-сюды не трэба. Мы, сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, інтарэсаў нашых суседзяў, будзем будаваць нашу мірную палітыку. Мы ніколі не станем ачагом напружанасці ў Еўропе".

"Нам больш ніякіх войнаў не трэба, — падкрэсліў Лукашэнка. — Напэўна, таму Германія імкнецца ў любым пункце паспрабаваць урэгуляваць нейкія канфлікты мірным шляхам. Мы таксама гэтага хочам. Таму мы ніколі не будзем праблемай для Еўрапейскага саюза, у тым ліку і для Германіі. Таго ж самага мы хацелі б і ад Германіі: мы хочам, каб Германія, разумеючы нас, рабіла канкрэтныя крокі насустрач".

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на праблемы ў гандлёвых адносінах паміж краінамі. "Вы агароджу выбудавалі і нават да агароджы нікога не падпускаеце. Горш, чым у Трампа з Мексікай, сцяна выбудавана, толькі яна нябачная, эканамічная, — заявіў Лукашэнка. — Таму мы хацелі б нарэшце зняць гэтыя агароджы. Калі Еўрапейскі саюз такі прыхільны да рыначнай эканомікі, чаго тады загароджваецца?"

У сваю чаргу Петэр Дэтмар адзначыў, што ў агульнай складанасці ўжо правёў у Беларусі восем гадоў. На думку дыпламата, 2018 год стаў найбольш паспяховым і важным у адносінах Беларусі і Германіі як у палітычным, так і ў эканамічным плане.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН