Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/12/eu_984728_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:45
12.12.2018 12:56 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Літоўскія дэпутаты асуджаюць намер уладаў Беларусі выслаць з краіны прэс-сакратара АГП Ганну Красуліну

Мінск, 12 снежня. Лідар фракцыі Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты ў сойме Літвы Габриелиус Ландсбергіс, член фракцыі і старшыня парламенцкай групы "За дэмакратычную Беларусь" Лаўрынас Кашчунас і член фракцыі Жыгімантас Павільёніс звяртаюць увагу на імкненне беларускіх уладаў выправіць з краіны прэс-сакратара апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну "без разумных і законных падстаў".

Члены сейма ацэньваюць такія дзеянні "не толькі як спробу расправы з чалавекам за яго палітычную дзейнасць, што з'яўляецца парушэннем правоў чалавека, але і разглядаюць гэта як імкненне нанесці ўдар па палітычнай апазіцыі, якая крытыкуе рэжым Лукашэнкі", цытуецца заява дэпутатаў на сайце АГП.

Красуліна двойчы ў 2016 і 2017 гадах была аштрафаваная за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Штрафы былі выплачаныя, тэрмін адміністрацыйнага правапарушэння (адзін год) мінуў. Акрамя таго, 23 мая 2018 года Красуліна была аштрафаваная за праезд у гарадскім аўтобусе без білета. Штраф быў аплачаны на месцы.

"У пастанове аб высылцы згадваецца палажэнне закона аб тым, што "іншаземец можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны здароўя або маральнасці чалавека або правоў і свабодаў іншых асобаў". У параўнанні з гэтым палаженнем згаданыя памылкі Красулінай нязначныя, каб за іх можна было выслаць з краіны. Беларускія праваабарончыя арганізацыі безумоўна прызнаюць, што яе высылка з'яўляецца палітычна матываванай", — сказаў Кашчунас.

Парламентарый Павільёніс кажа, што Камітэт ААН па правах чалавека ў цяперашні час разглядае два звароты Красулінай пра тое, што Беларусь парушае свабоду сходаў і выказвання меркаванняў. Акрамя таго, Красуліна "з'яўляецца прэс-сакратаром адной з асноўных беларускіх апазіцыйных партый, то бок сваёй дзейнасцю забяспечвае прасоўванне апазіцыі і дэмакратычнай альтэрнатывы ў беларускім грамадстве".

"З прычыны ўсяго гэтага мы асуджаем рашэнне беларускіх уладаў выслаць Ганну Красуліну з краіны і заклікаем да неадкладнага прыпынення працэсу яе высылкі", — Ландсбергіс.

Красуліна — грамадзянка Расіі, аднак увесь час жыве ў Беларусі з 2002 года, тут у яе муж, двое дзяцей і бацькі. Рашэнне аб яе выдварэнні з краіны было прынятае 13 лістапада УУС Маскоўскага раёна сталіцы ў інтарэсах, як вынікае з дакумента, грамадскага парадку. Яна павінна была ў добраахвотным парадку пакінуць Беларусь да 30 лістапада.

28 лістапада Красуліна падала скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо праз дзень, 30 лістапада, ёй паведамілі аб абгрунтаванасці высылкі з Беларусі і параілі добраахвотна пакінуць краіну да поўначы. Каб пазбегнуць высылкі, Красуліна ў той жа дзень падала скаргу ў суд, перадаўшы копіі адпаведных дакументаў ва УУС Маскоўскага раёна. У сувязі з падачай скаргі яна працягвае заставацца ў краіне.

Разгляд скаргі на рашэнне УУС пачнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 18 снежня ў 16.00.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239