Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/13/eu_984844_984846_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 09:47
13.12.2018 12:10 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС: У перамовах з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму мы знайшлі прымальныя для ўсіх палажэнні пагаднення

Мінск, 13 снежня. Беларусь з першага дня была і застаецца зацікаўленай у падпісанні пагаднення з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 13 снежня на брыфінгу ў Мінску.
"Дзякуючы сумеснай працы з еўрапейскім бокам мы вырашылі шэраг складаных пытанняў, у тым ліку захавалі магчымасць атрымання віз нашымі грамадзянамі ў пасольствах краін ЕС, а не толькі ў візавых цэнтрах, — сказаў Глаз. — На сённяшні дзень мы знайшлі прымальныя для ўсіх палажэнні дакумента. Менавіта гэта мае значэнне".

"Тое, што апошнім часам хтосьці спрабуе ператварыць практычна скончаны перамоўны працэс у нейкую гульню ў адны вароты, — гэта другараднае", — падкрэсліў таксама Глаз.

Прэс-сакратар адзначыў, што з падпісаннем пагаднення колькасць выдаваных беларусам віз не вырасце, а паменшыцца, таму што будзе больш выдавацца шматразовых і доўгатэрміновых віз. "Толькі адна з 28 краін ЕС не згодная з гэтым відавочным фактам. Больш ні ў кога такіх праблем няма", — сказаў Глаз.

Ён не стаў адказваць на просьбу БелаПАН удакладніць, ці ідзе гаворка пра Польшчу.

"Давайце застанемся дыпламатамі і не будзем раскрываць дэталі [перамоваў] у гэты момант", — адзначыў прэс-сакратар.

Напярэдадні ў інтэрв'ю tut.by надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі заявіў, што перамовы па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам упіраюцца ў колькасць консулаў пры пасольствах. "Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое абодва бакі лічаць важным інструментам, прывядзе да росту колькасці ахвотных атрымаць візы, нам спатрэбіцца больш консулаў, і мы думалі, што ў гэтым пытанні знойдзем разуменне з беларускага боку, але нечакана з'явіліся праблемы", — распавёў Міхальскі.

Дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 года.У чэрвені 2018 года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан падчас візіту ў Мінск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць.

"Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў".

Гаворачы пра планы павысіць кошт шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕС і Еўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб "зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу". "Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы", — сказаў ён.

30 ліпеня Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раунд перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Пры гэтым еўрапейскі бок выказаў гатоўнасць завяршыць перамовы як мага хутчэй.

Раней паслы краін — членаў ЕС ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоваў з Еўрапарламентам аб унясенні зменаў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павелічэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕС падпісаныя пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 еўра.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239