Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985028_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 01:12
14.12.2018 12:34 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: На парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва застаюцца нявырашаныя пытанні

Мінск, 14 снежня. На парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва застаюцца нявырашаныя пытанні, якія ў хуткім часе будуць разглядацца на вышэйшым узроўні, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі 14 снежня ў Мінску.

"Мы даўно планавалі гэтую сустрэчу, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Шчыра кажучы, рыхтаваліся падвесці вынікі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. Але пытанні пакуль, на жаль, застаюцца. І ў найбліжэйшы час мы разам з маім расійскім калегам пастараемся іх вырашыць. Так што інфармацыйныя падставы яшчэ вам будуць забяспечаныя".

Пры гэтым ён адзначыў, што і без гэтай сустрэчы сабралася дастаткова годных увагі тэм. "Здавалася б, усяго два гады прайшло з нашай папярэдняй сустрэчы, а мы з вамі жывем як быццам у іншым свеце. І вы, журналісты, як ніхто, ведаеце, з якой хуткасцю змяняецца гэты свет. Новы віток гонкі ўзбраенняў, гандлёвыя войны, рост экстрэмізму, страта духоўнай арыентацыі. Услед за падзеямі чуткі, здагадкі, фэйкі традыцыйна запаўняюць медыйную прастору, ускладняючы ўспрыманне рэчаіснасці. Вы разумееце, што гэтыя фактары таксама ўплываюць на ўнутранае жыццё нашага саюза, на тэмп нашага стратэгічнага супрацоўніцтва", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сёлета быў пашыраны склад удзельнікаў мерапрыемства: на ім прысутнічаюць не толькі журналісты і блогеры, але і прадстаўнікі расійскай экспертнай супольнасці. "Чым больш будзе канструктыўных прафесійных і асабістых кантактаў, тым больш эфектыўнымі будуць адносіны паміж нашымі дзяржавамі", — лічыць Лукашэнка.

Паводле яго слоў, залогам паспяховага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй з`яўляецца менавіта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. "Я ўвогуле ў заслугу міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і губернатарам Расіі стаўлю захаванне нашага саюза. Не было б іх, не было б сёння гэтага саюза, таму што ў нашых адносінах па меншай меры двойчы быў такі перыяд, калі мы стаялі на мяжы разрыву. І гэта ішло на ўзроўні цэнтраў — федэральных уладаў і ўладаў Беларусі. І тады рэгіёны выратавалі наш саюз", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь падтрымлівае ўстойлівыя гандлёва-эканамічныя сувязі практычна з усімі рэгіёнамі Расіі, дзе засяроджана мноства вытворчасцяў, якія з`яўляюцца злучальным звяном інтэграцыі.

Лукашэнка пацвердзіў імкненне беларускага боку максімальна спрыяць мірным працэсам у рэгіёне. "Беларусь зробіць усё, што ад яе залежыць, каб аднавіць мір і згоду паміж славянамі. Гэта нялёгка, але нават калі захаваецца найменшы шанец, сваіх спробаў мы не пакінем. Мы будзем імкнуцца да таго, каб у нас тут, на тэрыторыі асноўных славянскіх дзяржаў, быў мір", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН