Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985032_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 01:10
14.12.2018 13:19 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка — расійскім журналістам: Якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздзімаць з іх полымя

Мінск, 14 снежня. СМІ павінны быць аб`ектыўныя ў падачы матэрыялаў, але цэнзуры ў інфармацыйнай сферы быць не павінна — павінен быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне выконваць баланс чорнага і белага. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі. Фрагмент сустрэчы быў паказаны па тэлеканале "Беларусь 1".

"Якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздзімаць з іх полымя. Гэта працоўныя моманты, — сказаў Лукашэнка. — У адносінах паміж нашымі краінамі яшчэ не было сітуацый, у якіх мы не знайшлі б кампраміс. Расійская Федэрацыя — наш стратэгічны партнёр і саюзнік. Там жывуць проста нашы людзі, нашы браты. Хто б яны ні былі — рускія, чачэнцы, інгушы, габрэі ці нейкі прадстаўнік іншай нацыянальнасці з тых звыш 100 тысяч нацыянальнасцяў, якія жывуць у Расіі. Гэта нашы браты, таму што ўчора мы жылі ў адной кватэры, у адной дзяржаве — у Савецкім Саюзе. І дзякуй Богу, што гэтыя добрыя пачуцці з тых часоў яшчэ засталіся ў беларусаў і расіян".

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, Лукашэнка таксама заклікаў журналістаў несці адказнасць за кожнае сказанае і напісанае слова. "Калі яно разбурае мір і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін шэраг з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. А некаторыя кажуць, што вы — гэта зброя масавага паражэння. І я з гэтым згодны. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі", — заявіў Лукашэнка.

Падчас прэс-тура ў Беларусь расійскія журналісты і блогеры наведалі Полацк. Лукашэнка адзначыў, што гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. "Калі прытрымлівацца "Аповесці мінулых гадоў", то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі — знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў: "Можа, таму ў нашай краіне асабліва цяжка і балюча ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце. Мы не можам застацца ў баку ад падзей, якія падзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы".

Паводле слоў Лукашэнкі, мацней за ўсё славянскія народы звязвае агульная гісторыя, культура, слаўныя і цяжкія часы, перажытыя разам. "Некалькі гадоў таму ў рамках падобнай сустрэчы я казаў пра тое, што Беларусь можа стаць некаторым маральным фактарам для Расіі. Скажу шчыра: мы да гэтага заўсёды імкнуліся. Каб вы нас шанавалі, калі ўжо зусім адкрыта", — сказаў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН