Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985035_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:21
14.12.2018 14:44 Грамадства, Палітыка

Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць пераслед прэс-сакратара АГП Ганны Красулінай

Мінск, 14 снежня. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць працэдуру высылкі з Беларусі прэс-сакратара Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганны Красулінай.

Адпаведная сумесная заява праваабарончых арганізацый апублікаваная 14 снежня на сайце spring96.org. Пад ёй падпісаліся Беларускі дакументацыйны цэнтр, Асамблея НДА, Беларускі Хельсінкскі камітэт, РГА "Прававая ініцыятыва", Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна", камітэт рэпрэсаваных "Салідарнасць", таварыства "Ініцыятыва FORB", цэнтр прававой трансфармацыі lawtrend.

Праваабаронцы асуджаюць рашэнне пра высылку грамадзянкі Расіі Красулінай з Беларусі, якое было прынятае 13 лістапада 2018 года УУС Маскоўскага раёна Мінска. Паводле інфармацыі МУС, Красуліну высылаюць у сувязі з тым, што яна двойчы ў 2016 і 2017 гадах была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КоАП Беларусі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. "Менавіта гэтыя паводзіны Ганны Красулінай, на думку прадстаўнікоў МУС Рэспублікі Беларусь, і ўяўляюць грамадскую небяспеку", — адзначаецца ў заяве.

Красуліна павінна была пакінуць краіну да 30 лістапада гэтага года. 28 лістапада яна абскардзіла гэтае рашэнне. Скаргу не задаволілі. Тады рашэнне было абскарджанае ў судзе Маскоўскага раёна.

На думку праваабарончых арганізацый, высылка Красулінай у сувязі з прыцягненнем яе да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях з`яўляецца "відавочна непрапарцыйнай і празмернай мерай, звязанай з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання". Яны адзначаюць, што рэалізацыя гэтых свабод гарантаваная міжнароднымі нормамі права і замежным грамадзянам, якія пражываюць і часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны.

"Такім чынам, спасылкі прадстаўнікоў МУС на мэту абароны грамадскай бяспекі, як падстава для высылкі з краіны Ганны Красулінай, з`яўляюцца неабгрунтаванымі, бо рэалізацыя свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання апрыёры не можа ўяўляць грамадскую небяспеку і парушаць грамадскі парадак", — заяўляюць падпісанты.

Праваабаронцы заклікаюць дзяржорганы ўзяць пад увагу той факт, што Красуліна пражывае ў Беларусі з 2002 года, мае тут пастаянныя сямейныя і сацыяльныя сувязі і састарэлых бацькоў. У яе таксама ёсць сродкі для пражывання і маёмасць.

"З улікам усіх названых абставін у нас ёсць падставы меркаваць, што дзеянні ўладаў накіраваныя на высылку Ганны Красулінай, прадыктаваныя выключна палітычнымі матывамі і іх мэта — стварыць перашкоды ў ажыццяўленні Ганнай Красулінай грамадска-палітычнай дзейнасці. Гэта таксама адна з форм націску на яе.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі адмяніць усе раней вынесеныя рашэнні аб высылцы Красулінай з тэрыторыі Беларусі і неадкладна спыніць працэдуру высылкі", — падкрэсліваецца ў заяве.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239