Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985045_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 17:18
14.12.2018 13:41 Палітыка

Лукашэнка: Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольныя толькі магутныя інтэграцыйныя аб`яднанні

Мінск, 14 снежня. Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольныя толькі магутныя інтэграцыйныя аб`яднанні, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы ў Мінску з расійскімі журналістамі і блогерамі.

"Любыя праблемы могуць быць вырашаныя толькі разам і толькі праз супрацоўніцтва. Пра гэта сведчыць і чарада міжнародных самітаў: "Вялікай дваццаткі", ЕАЭС, АДКБ, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Адказаць на глабальныя выклікі сучаснасці здольныя толькі магутныя інтэграцыйныя аб`яднанні. У адзіночку нават буйной дзяржаве не даць рады".

Паводле яго слоў, у 2019 годзе Беларусь і Расія адзначаць 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а таксама пяцігоддзе Еўразійскага эканамічнага саюза. "Мы разам прайшлі не заўсёды просты, але вельмі прадуктыўны і багаты на добрыя справы шлях", — сказаў Лукашэнка і дадаў, што якія б пры гэтым ні ўзнікалі шурпатасці, бакі заўсёды знаходзілі паразуменне.

Ён падкрэсліў, што Расія застаецца стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі. "Інтэграцыйныя пазіцыі Беларусі нязменныя. Мы разам з іншымі ініцыявалі стварэнне саюзаў, якія існуюць на постсавецкай прасторы", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок гатовы і далей развіваць інтэграцыю, але пры ўмове жалезабетоннага выканання дасягнутых дамоўленасцяў. "Як бачыце, мы нічога лішняга не патрабуем: дамовіліся — трэба выконваць. Гэта абсалютна натуральнае і справядлівае чаканне ад партнёрства, якое, як меркавалася першапачаткова, павінна будавацца на роўных умовах і ўзаемным даверы. Вось і ўсё. Калі няма выканання — няма саюза" , — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што роўныя ўмовы не азначаюць, што ўсё трэба сабраць разам і пароўну падзяліць. "Нам трэба толькі тое, што нам належыць, што мы можам зарабіць уласнымі рукамі і мазгамі. Толькі б не было перашкод, каб гэта можна было ствараць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што, як паказвае гісторыя, усякія саюзы, якія заключаліся на нераўнапраўных умовах, доўга не існавалі. "Калі, як гэта прынята часта ў Расіі, зыходзіць з таго, што "мы такія велізарныя, а вы — меншыя, таму вось так будзе", тады няма пра што дамаўляцца, гэта не саюз", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у свой час пасля распаду СССР гаворка ішла аб стварэнні балта-чарнаморскага рэгіёну, каб ён стаў свайго роду бар`ерам паміж ЕС і Расіяй. "Мне ўдалося тады гэты бар`ер зламаць, — заявіў Лукашэнка. — Тады гэтая задума не рэалізавалася. І на Захадзе я стаў асобай, якой не паціскаюць руку, і ўвогуле "апошнім дыктатарам у Еўропе". Гэта не таму, што я дыктатар, а таму, што мы пачалі праводзіць такую палітыку, якая разбурыла гэтую задуму".

Лукашэнка таксама дадаў: "Калі хтосьці ў Расіі ў наш бок махае рукой (ды што там Беларусь...), трэба падумаць, што вы сваімі рукамі аднаўляеце гэты балта-чарнаморскі рэгіён".

Разам з гэтым Лукашэнка асабліва адзначыў, што на знешніх контурах Беларусь і Расія, як і належыць саюзнікам, адзіныя ў сваіх ацэнках сусветнай геапалітыкі, падтрымліваюць адзін аднаго ў шматбаковых арганізацыях. Акрамя таго, сумесна рэалізуецца праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, каардынуюцца падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, у тым ліку ў сферы процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН