Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985057_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 00:51
14.12.2018 13:56 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Калі б мы ад Расіі атрымалі 100 млрд долараў, беларусы падавіліся б ад такой вялізнай колькасці купюр

Мінск, 14 снежня. На сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў выказванні пра шматмільярдную падтрымку Беларусі з боку Расіі. Фрагмент сустрэчы быў паказаны па тэлеканале ОНТ.

"Чытаю ў СМІ, чую нават ад прыхільнікаў нашага саюза — аблудных, я іх называю, людзей — такія фразы: "Ну, што мы кормім увесь час Беларусь?"А некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам ажно 100 мільярдаў долараў адвалілі, — сказаў Лукашэнка. — Я калі гэта чытаю, думаю, што калі б 100 мільярдаў, то беларусы падавіліся б проста ад такой вялікай колькасьці купюр, якія паступілі ў замежнай валюце ад братняй нашай дзяржавы. Поўнае глупства".

Лукашэнка адзначыў: "Заўсёды лічаць так: а вось калі б мы гэта прадалі ды вось па такой цане, то, напэўна, было б 100 мільярдаў долараў. Гэта я як эканаміст мяркую, што яны так лічаць. Але вы людзі пісьменныя, разумныя разумееце, што, па-першае, трэба яшчэ прадаць. Сёння Расія хацела б прадаць больш нафты і газу, але рынак не спажывае столькі. Таму вось так вось разважаць — гэта глупства. А калі б яшчэ абвалілася эканоміка Беларусі, то і гэта б не прадалі".

Лукашэнка заявіў, што падарункаў Беларусі ніхто не рабіў, а расійскія крэдыты Беларусь атрымлівае па стаўцы ў тры разы вышэйшай, чым крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду. "Нават калі мы крэдыты гэтыя атрымліваем — па прыстойнай стаўцы, дарэчы, большай, чым МВФ нам выдзяляе, у тры разы вышэйшая ваша стаўка, — то вы крэдытуеце канчатковага спажыўца вашых тавараў, камплектуючых, металаў, вугалю, нафты, нафтапрадуктаў і гэтак далей, — сказаў Лукашэнка. — Гэта да таго, што мы будзем яшчэ з вамі абмяркоўваць пытанне, чаму так адбываецца. То мы па газе не можам дамовіцца, то па манеўрах нейкіх, якія зладзіла расійскае кіраўніцтва, не можам дамовіцца. І вось у сувязі з гэтым з`явіліся размовы, што інтэграцыя правальваецца. Але пачакайце, мы яшчэ з прэзідэнтам (Расіі. — БелаПАН.) не сустракаліся".

Паводле слоў Лукашэнкі, калі яму не ўдасца дамовіцца з Уладзімірам Пуціным, то тады "вось тут будзе ззяць велізарная дзірка ў нашай інтэграцыі, у падмурку нашай інтэграцыі". "Трэба проста сказаць: слухайце, атрымаеце нафту, ну вы давайце, разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды задаю пытанне: такія вось рэчы, яны ў імя чаго робяцца? Нам жа скажуць, што вы за нафту прадалі краіну, — сказаў Лукашэнка. — Беларускі народ з тых глыбінных часоў марыў пра сваю незалежнасць — ён яе атрымаў. Але тыя, хто сёння ў Расіі гэта прапануюць, відавочна не зыходзяць з вялікіх памкненняў яднання беларусаў і расіян. Нешта тут іншае. Але я хачу задаць гэтае пытанне і свайму сябру і калегу, хачу пачуць ад яго адказ на гэтае пытанне".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН