Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985062_985063/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 17:10
14.12.2018 14:27 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка лічыць важным працягваць інтэграцыю з Расіяй і ў ЕАЭС на фоне знешняга націску

Мінск, 14 снежня. Аляксандр Лукашэнка лічыць важным працягваць інтэграцыю з Расіяй і ў ЕАЭС на фоне знешняга націску. Пра гэта ён заявіў 14 снежня на сустрэчы ў Мінску з расійскімі журналістамі і блогерамі.

"Я сказаў прэм`ерам ЕАЭС: ведаеце, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Нам трэба цяпер тут аб`яднацца, як вы сказалі, пры націску гэтым знешнім і сваё шчасце шукаць тут. Дык чаму не шукаеце? Дробныя праблемы — іх не тое што трэба не бачыць, адкінуць... Іх не трэба ствараць. Што мы б`емся? Добра, вы не прадасце нам 5 млрд кубаметраў газу дадаткова. Куды вы дзенеце гэты прыродны газ пры тым шалёным тэмпе, калі адыходзяць ад традыцыйных вуглевадародаў?" — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Беларусь, падкрэсліў ён, і не просіць проста знізіць цэны на газ, патрэбныя менавіта роўныя ўмовы.

Ён звярнуў увагу на тое, што сёння ў свеце ідуць гандлёвыя войны, з прыходам Дональда Трампа на пост прэзідэнта ЗША складаная сітуацыя ствараецца вакол Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Сярод краін ЕАЭС, заўважыў Лукашэнка, толькі Беларусь не з`яўляецца членам СГА, хоць дамаўляліся каардынавацца ў пытанні ўступлення ў арганізацыю, але Расія ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, гэта зрабіў і Казахстан. Аднак цяпер сталі відавочныя праблемы з СГА — на пляцоўцы "Вялікай дваццаткі" гучаць заявы, што арганізацыю трэба перафарматаваць, перарабіць. "У Піцеры нядаўна абмяркоўвалі гэтую праблему. Назарбаеў — і Пуцін яго падтрымаў — кажа, што зноў Лукашэнка выйграў", — сказаў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым, лічыць ён, "часам у расійскіх СМІ неаб`ектыўна асвятляюць падзеі, звязаныя з Беларуссю, аж да фейкаў". У якасці аднаго з прыкладаў Лукашэнка прывёў выпадак на апошнім саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу, калі да яго падышлі прадстаўнікі расійскага тэлебачання. "Яны абавязкова мяне там за рукі схопяць, ведаючы, што я, вядома, не прайду міма мікрафона, калі чалавек пытаецца. Я паважаю журналіста, адказваю яму на пытанне. Кажу, што там напал быў, што прыйшлося адзін перад адным прасіць прабачэння", — расказаў Лукашэнка.

"Што яны робяць? Даюць сварку з Пуціным у адкрытым эфіры, а далей, што Лукашэнку прыйшлося прасіць прабачэння ў Пуціна за тое, што ён з ім уступіў у размову. Ды бог з вамі! Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў за гэта прасіць прабачэння. Мы прасілі прабачэння там... Я ў Нікола (выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян. — БелаПАН.) прасіў прабачэння, што на яго напаў там па розных прычынах. Пуцін прасіў прабачэння ва ўсіх. Там жа такая каша была... Назарбаеў пачаў прасіць прабачэння. І гэта сапраўды было — мы прасілі прабачэння адзін у аднаго на гэтым пасяджэнні. Але яны ж (расійскія СМІ. — БелаПАН.) тонка і спецыяльна падсунулі гэту інфармацыю", — сказаў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН