Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985085_985086/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2019 19:01
14.12.2018 15:28 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Я разумею гэтыя намёкі — атрымаеце нафту, але ўступайце ў склад Расіі

Мінск, 14 снежня. Шантажаваць Беларусь, спрабаваць нахіліць, стаць каленам на грудзі не мае сэнсу, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі 14 снежня ў Мінску, каментуючы ход беларуска-расійскай саюзнай інтэграцыі.

"Я задаюся пытаннем, калі нам кажуць: "Манеўр будзе, калі будзе больш глыбокая інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве". А некаторыя наўпрост кажуць: "Ну, мы пакуль не гатовыя, каб вы шасцю абласцямі ўвайшлі ў склад Расіі". Ну... і кропка", — прыводзіць словы Лукашэнкі праграма навінаў "24 гадзіны" на тэлеканале СТВ.

"Я ж умею чытаць, і вы таксама, паміж радкоў. Я разумею гэтыя намёкі. Можна прасцей сказаць — атрымаеце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды задаю пытанне: такія рэчы, яны ў імя чаго робяцца? Расія гатовая прыняць Беларусь абласцямі або цалкам у склад Расіі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай, ды і ў вашай краіне, ды і міжнародная так званая грамадскасць? Не кіем, дык палкай інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны. Але тыя, хто сёння ў Расіі гэта прапаноўвае, відавочна не зыходзяць з вялікіх памкненняў яднання беларусаў і расіян. Не. Нешта тут іншае", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Але я хачу задаць гэта пытанне свайму сябру і калегу (Уладзіміру Пуціну. — БелаПАН.), я хачу пачуць ад яго адказ. Можа быць, так падрабязна не трэба было напярэдадні сустрэчы пра гэта так казаць. Мы ж з вамі сабраліся для шчырай размовы", — дапоўніў Лукашэнка.

На яго думку, трэба выконваць саюзны дагавор і ісці крок за крокам, step by step, па выкананні пагадненняў. "Трэба, перш чым капаць углыб, як у Расіі кажуць і ў нас, трэба на паверхні зняць пытанне. А іх куча, іх можна зняць за суткі. Шантажыраваць нас, спрабаваць нахіліць, стаць каленам на грудзі не мае сэнсу. Вы, напэўна, у гэтым пераканаліся", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Мы небагатыя людзі, і багацей, калі пойдзем на злом, мы не станем. Але мы выжывем", — упэўнены беларускі кіраўнік.

13 снежня прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Брэсце заявіў пра гатоўнасць Расіі прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты.

Расійскі прэм`ер заявіў, што існуе два "інтэграцыйныя" сцэнары для Беларусі — кансерватыўны і прасунуты. Згодна з першым, у Беларусі захоўваюцца тыя "контуры Саюзнай дзяржавы, якія ёсць сёння — без павышэння ўзроўню інтэграцыі". Прасунуты сцэнар прадугледжвае павышэнне інтэграцыі да адзінай валюты, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. Выбар інтэграцыйнага сцэнара павінны зрабіць прэзідэнты краін, падкрэсліў Мядзведзеў.

Варта адзначыць, што напярэдадні ў расійскія СМІ са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоў, прасачылася інфармацыя аб тым, што віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Казак 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй Беларусі нібыта не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і прадастаўленне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы". Ад Беларусі ў сустрэчы ўзялі ўдзел віцэ-прэм`ер Ігар Ляшэнка, які курыруе паліўна-энергетычны комплекс, і пасол у Расіі Уладзімір Сямашка. Афіцыйная інфармацыя аб выніках сустрэчы не паступала.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН