Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985086_985086/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:10
14.12.2018 16:56 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка — расійскім журналістам: Якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздзімаць з іх полымя (дапоўнена)

Мінск, 14 снежня. СМІ павінны быць аб`ектыўныя ў падачы матэрыялаў, але цэнзуры ў інфармацыйнай сферы быць не павінна — павінен быць унутраны аўтарскі самакантроль і ўменне выконваць баланс чорнага і белага. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі. Фрагмент сустрэчы быў паказаны па тэлеканале "Беларусь 1".

"Якія б іскры ні ляцелі ў спрэчках на самым высокім узроўні, нават не спрабуйце раздзімаць з іх полымя. Гэта працоўныя моманты, — сказаў Лукашэнка. — У адносінах паміж нашымі краінамі яшчэ не было сітуацый, у якіх мы не знайшлі б кампраміс. Расійская Федэрацыя — наш стратэгічны партнёр і саюзнік. Там жывуць проста нашы людзі, нашы браты. Хто б яны ні былі — рускія, чачэнцы, інгушы, габрэі ці нейкі прадстаўнік іншай нацыянальнасці з тых звыш 100 тысяч нацыянальнасцяў, якія жывуць у Расіі. Гэта нашы браты, таму што ўчора мы жылі ў адной кватэры, у адной дзяржаве — у Савецкім Саюзе. І дзякуй Богу, што гэтыя добрыя пачуцці з тых часоў яшчэ засталіся ў беларусаў і расіян".

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, Лукашэнка таксама заклікаў журналістаў несці адказнасць за кожнае сказанае і напісанае слова. "Калі яно разбурае мір і калечыць лёсы людзей, то ставіць журналіста ў адзін шэраг з салдатамі, якія страляюць на паражэнне. А некаторыя кажуць, што вы — гэта зброя масавага паражэння. І я з гэтым згодны. Гэта гучыць жорстка, але як яшчэ дастукацца да тых, хто ігнаруе нормы не толькі прафесійнай этыкі, але і чалавечай маралі", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў: "Я катэгарычны праціўнік камусьці закрываць рот. І не толькі таму, што я такі дэмакрат. Я сыходжу з прагматычнага пункту гледжання: усё гэта не мае сэнсу. А яшчэ горш — гэта на шкоду".

Лукашэнка адзначыў, што цэнзура асабліва бессэнсоўная ў эпоху інтэрнэту. "Час змяніўся. Амаль палова насельніцтва сядзіць у інтэрнэце, і яны там усё бачаць", — сказаў ён.

У той жа час кіраўнік дзяржавы лічыць, што расіяне праз СМІ, і ў прыватнасці праз тэлебачанне, не маюць магчымасці атрымаць поўнага і аб`ектыўнага ўяўлення пра Беларусь. "Нашы грамадзяне сёння маюць свабодны доступ да вядучых расійскіх тэлеканалаў, інтэрнэт-рэсурсаў і друкаваных выданняў. У той жа час расійскі глядач ведае пра сапраўдную Беларусі вельмі мала. Адзіны наш тэлеканал даступны толькі праз спадарожнік — і гэта не дае поўнага ўяўлення пра краіну", — сказаў Лукашэнка.

"А недзе, каб дамовіцца аб тым, каб наш "Беларусь 24" вяшчаў у нейкім рэгіёне, асабліва ў Маскве, слухайце, нам такія загараджальныя пошліны выстаўляюць, што страшна падумаць. І гэта ў Саюзнай дзяржаве, — працягнуў ён. — Таму вы для нас сёння, як бы там ні юродствавалі некаторыя ў вас, ды і ў нас, — гэта сапраўднае акно ў нашу Расію. Таму што хоць крышку інфармацыі атрымаюць расіяне ад вас там. Аб сапраўднай Беларусі".

Падчас прэс-тура ў Беларусь расійскія журналісты і блогеры наведалі Полацк. Лукашэнка адзначыў, што гэты горад — калыска славянскай дзяржаўнасці. "Калі прытрымлівацца "Аповесці мінулых гадоў", то ад палачан пайшлі і крывічы, і севяране, а значыць, тут — на беларускай зямлі — знаходзіцца духоўны корань усяго расійскага паўночнага захаду: Смаленска, Пскова, Бранска, Белгарада і Курска", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў: "Можа, таму ў нашай краіне асабліва цяжка і балюча ўспрымаецца любы канфлікт у славянскім свеце. Мы не можам застацца ў баку ад падзей, якія падзяляюць блізкія па сваёй гісторыі, менталітэце і культуры народы".

Паводле слоў Лукашэнкі, мацней за ўсё славянскія народы звязвае агульная гісторыя, культура, слаўныя і цяжкія часы, перажытыя разам. "Некалькі гадоў таму ў рамках падобнай сустрэчы я казаў пра тое, што Беларусь можа стаць некаторым маральным фактарам для Расіі. Скажу шчыра: мы да гэтага заўсёды імкнуліся. Каб вы нас шанавалі, калі ўжо зусім адкрыта", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у 2018 годзе паміж Беларуссю і Расіяй праведзена больш за 200 міжрэгіянальных сустрэч. Каля 20 кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў наведалі Беларусь. "З кожным губернатарам я сустракаюся асабіста. Усе візіты шырока асвятляюцца ў беларускай прэсе. А што даведаліся жыхары вашых рэгіёнаў аб гэтых сустрэчах, асабліва з федэральных, цэнтральных СМІ?" — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў гэтым плане ў пэўнай ступені дапамагае інтэрнэт, дзе можна прачытаць тую ці іншую больш поўную інфармацыю з беларускіх крыніц. "Вядома, мы разумеем спецыфіку фармату, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Але калі ўжо ўцягваеце ў такія сюжэты Беларусь, то хаця б запрашайце экспертаў, якія сапраўды датычныя да нашых унутраных палітычных працэсаў, валодаюць інфармацыяй, могуць даць адэкватную і прафесійную ацэнку".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН