Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным плануецца 25 снежня ў Маскве
Мінск, 14 снежня. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным плануецца 25 снежня ў Маскве.
"Мне дакладваюць, Уладзімір Уладзіміравіч прапаноўвае 25 снежня ў Крамлі сустрэцца і абмеркаваць пытанні", — цытуе Лукашэнку "Российская газета", журналіст якой удзельнічаў у сённяшняй сустрэчы кіраўніка дзяржавы з расійскімі журналістамі.
Інфармацыю аб сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, якая мае адбыцца, пацвердзіў і прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расіі сустракаліся 6 снежня на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу. Яны публічна паспрачаліся аб справядлівасці дзейнай цаны на расійскі газ для Беларусі.
Лукашэнка, у прыватнасці, заўважыў, што тарыф "Газпрома" на транспарціроўку прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 долары за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расіі — каля 1 долара. "Важны не тарыф, важная канчатковая цана газу. Звяртаю ўвагу, што 129 долараў — цана сёння ў Беларусі, будзе ў наступным годзе 127 долараў. А ў ФРГ — 250", — сказаў у адказ Пуцін.
"Вы маеце рацыю, Уладзімір Уладзіміравіч, але наш галоўны гандлёвы партнёр — не ФРГ, а Расія", — падкрэсліў Лукашэнка. "Але ўжо сёння нашы партнёры маюць перавагі. Калі б была рынкавая цана для Беларусі — было б пад 200", — парыраваў Пуцін.
Пасля заканчэння саміту Лукашэнка паведаміў журналістам, што да канца года плануе яшчэ раз сустрэцца з Пуціным для абмеркавання нявырашаных праблем.