Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985091_985092/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2019 19:05
14.12.2018 17:09 Палітыка

Лукашэнка расказаў аб прапановах па ўдзеле Расіі і Беларусі ў вырашэнні нагорна-карабахскага канфлікту

Мінск, 14 снежня. Беларусь і Расія займаюць кансалідаваную пазіцыю па вырашэнні нагорна-карабахскага канфлікту, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня ў Мінску на сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі.

Ён расказаў пра агучаныя раней прапановы па ўдзеле Расіі і Беларусі ў вырашэнні нагорна-карабахскага канфлікту, адзначыўшы, што гэта пытанне абмяркоўвалася яшчэ ў Ерэване на адным з самітаў АДКБ у той час, калі прэзідэнтам Арменіі быў Серж Саргсян. Лукашэнка заклікаў лідараў Арменіі і Азербайджана разам вырашыць гэту праблему, пайшоўшы на кампрамісныя рашэнні. Пры гэтым Беларусь і Расія занялі кансалідаваную пазіцыю, у тым ліку паабяцаўшы пры неабходнасці ўвесці воінскі кантынгент для забеспячэння пэўных гарантый.

"Потым ужо адкрыта сказаў: слухай, як яны кажуць, акупавалі сем раёнаў. І мы з Пуціным занялі кансалідаваную пазіцыю (гэта было ў Ерэване на АДКБ): Серж, аддай гэтыя пяць раёнаў. Якая прычына не вярнуць іх, яны ж пустуюць. Ён кажа: калі я вяртаю, яны там дарогу перарэжуць, акупуюць Карабах і іншае. І мы з Пуціным дакладна паабяцалі, што мы ўвядзем свае войскі, і гэта не дазволім (пры азербайджанцы гэта казалі). Ён сказаў: не, мы на гэта не пойдзем, мы гэтага не хочам", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для яго гэта было здзіўленнем. "Чаму не хочуць? Пустуюць пяць раёнаў. Гэта першы крок. І тады б і Азербайджан, і Арменія былі б і ў АДКБ, і ЕўрАзЭС. Гэта была ўмова, пры якой Азербайджан можа ўступіць у гэтыя арганізацыі. Чаму вы адмовіліся? Добра, Беларусь, але Расія гарантам выступіла, што ніколі там не будзе вайны, калі будуць вызваленыя гэтыя раёны, якія вы прызнаеце, што гэта азербайджанскія. Гэта не пра Карабах", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў важнасць мірнага ўрэгулявання, у тым ліку ў якасці важнага фактару для прыцягнення замежных інвестыцый.

Як адзначае прэс-служба, Лукашэнка таксама ўпершыню расказаў пра яшчэ адзін праект, які не склаўся . Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гаворка ішла аб пракладцы прадуктаправода з Азербайджана ў Грузію, і ён размаўляў з гэтай нагоды з кіраўніцтвам гэтых краін. "Яны пракладвалі трубу нейкую. Па-мойму, газ. І яна пайшла ў абход Арменіі", — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што ў той час у яго былі кантакты з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, каб ён пагутарыў з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам на прадмет арганізацыі транзіту праз Арменію, што было б выгадна абодвум бакам. "Я прапаноўваў, кажа (Аліеў. — БелаПАН.), трэба вырашаць гэтыя праблемы, я кіну гэту трубу і яшчэ дапамагу аднавіць Арменію. Тады грошай у іх было нямерана. І я паехаў пасля гэтага да Сержа Азатовіча і перадаў гэта. Таксама адмовіліся. Але ўсё роўна ж калісьці мірам скончыцца", — сказаў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН