Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985092_741258/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 12:11
14.12.2018 17:12 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Я ведаю, што адбываецца ў Данбасе, лепш, чым нават кіраўніцтва Расіі

Мінск, 14 снежня. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заклікаў бакі, што ваююць, да практычных захадаў па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны. Адпаведная заява зробленая 14 снежня ў Мінску на сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з расійскімі журналістамі і блогерамі.

"Я не хачу, каб старыя гінулі ў Данбасе, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я ведаю, што там адбываецца, лепш, чым прысутныя тут, і лепш, чым нават кіраўніцтва Расіі. Я ведаю, што адбываецца. За што гінуць дзеці і старыя, жанчыны? Бо мужыкі там ваююць дзесьці... Хай страляюць адзін у аднаго, калі мазгоў няма. Але дзеці чаго гінуць, яны ў чым вінаватыя? Вось з чаго зыходзіць мая пазыцыя. І ці нам — славянам — ваяваць тут. Мы ж на адзін твар, мы адны і тыя ж людзі. І я ведаю украінцаў. Я там служыў, я там працаваў, да мяне людзі з захаду (Украіны. — БелаПАН.) прыязжалі, працавалі. Яны не ворагі, яны не такія дрэнныя, як вы часам кажаце на каналах. Даўно пара спыніць гэта, ужо ніхто не глядзіць".

Беларускі кіраўнік лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны, і гэта магчыма. "Але чым далей, тым горш. Я вам скажу сваю пазіцыю: усе баяцца, што там (ва Украіне. — БелаПАН.) будзе НАТА. Я нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу (Пуціну. — БелаПАН.) сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было НАТА, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесці", — сказаў Лукашэнка.

Ён не выключыў, што пасля ў такіх "нацменаў" можа з`явіцца і ракетная зброя. "Вас не здзіўляе, што ў гэты момант ЗША выходзяць з дагавора аб абмежаванні ракет малой і сярэдняй далёкасці. А цяпер уявіце на хвілінку, што ў мяне пад Гомелем будуць стаяць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, а ў вас пад Растовам. І як гэта? Мы што, гэтага хацелі? Таму пакуль не позна, трэба голаў у рукі ўзяць і не крычаць гвалтам, а нешта зрабіць, каб гэта спыніць", — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, без удзелу ЗША "ніякая Еўропа, Меркель або Макрон праблему не вырашаць". "Але мы ўтрох (Расія, Украіна і Беларусь. — БелаПАН.) вырашыць можам, — упэўнены Лукашэнка. — Як гэта зрабіць? Трэба сесці і падумаць, але для гэтага трэба адмовіцца ад нападак. Магчыма, дзе-небудзь нешта за дужкі вывесці, дзе-небудзь нешта дараваць на гэтым этапе. Слухайце, немцам жа даравалі, 30 мільёнаў загінулі — амаль забыліся. Дзякуй богу, гэтага яшчэ ў нашых адносінах няма. Дык давайце рабіць крокі ў гэтым кірунку".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней прапаноўваў канкрэтны ўдзел ва ўрэгуляванні канфлікту, у тым ліку ў арганізацыі бяспекі на мяжы, арганізацыі выбараў у адпаведнасці з мінскімі пагадненнямі. Аднак ні ўкраінскі бок, ні расійскі на гэта не пайшлі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН