Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985102_985103/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 01:22
14.12.2018 17:22 Палітыка

Лукашэнка: Гэта ганьба, што мы не можам абраць галоўнага чыноўніка АДКБ

Мінск, 14 снежня. Праблему з прызначэннем новага генеральнага сакратара АДКБ стварыла не Беларусь, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі і блогерамі.

"Гэта ганьба, што мы не можам абраць галоўнага чыноўніка АДКБ", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Гаворачы пра рэзкую рэакцыю кіраўніка Арменіі Нікола Пашыняна, Лукашэнка падкрэсліў: "Праблему стварылі не мы, а ён. Раз стварыў, узнікла гэта праблема, пасадзілі былога кіраўніка арганізацыі, калі ты мудры чалавек — ціхенька б вырашылі гэта пытанне, абралі гэтага чыноўніка, не такую вялікую ролю ён там іграе, і не было б гэтай праблемы. Не, Нікол Пашынян акунуў нас ва ўнутрыпалітычныя праблемы. Тое, што гэта ўнутры Арменіі адгукнулася, — гэта не мы туды ўлезлі, гэта ў ходзе абмеркавання ён нас туды зацягнуў, што там выбары і іншае".

Тлумачачы сваю пазіцыю, Лукашэнка сказаў: "Паколькі мы наступныя павінны былі ад Арменіі пераймаць гэту эстафету (генеральнага сакратара АДКБ. — БелаПАН.), мне неяк няёмка было на гэту тэму гаварыць, як быццам я рвуся, каб наш быў чалавек. Не, гэта Нурсултан Назарбаеў, а потым Уладзімір Пуцін і астатнія падтрымалі, каб у сувязі з гэтым старшынства перайшло і кіраўніком быў абраны наступны — гэта Беларусь. Я сказаў: добра, мы да гэтага гатовыя, усяго праз год мы свайго чалавека былі б павінны прапанаваць па статуце, няхай будзе".

"Потым Нурсултан Назарбаеў адказаў журналістам, што беларусы будуць наступнымі старшынстваваць, у прынцыпе, пра гэта дамовіліся. Так, Арменія была супраць, але практычна пра гэта дамовіліся. Прэзідэнт Казахстана пра гэта сказаў. Пайшла рэзкая рэакцыя ад Нікола Пашыняна", — дадаў Лукашэнка. Ён лічыць, што ўсё ж такі варта праяўляць мудрасць у гэтых пытаннях, што і робяць вопытныя палітыкі.

З улікам сітуацыі, якая склалася, Лукашэнка пагадзіўся б нават з тым, каб наступная пасля Беларусі па ратацыі на пасаду кіраўніка АДКБ краіна, а гэта Казахстан, узяла б на сябе кіраўніцтва.

Акрамя таго, ён адзначыў, што на пасаду кіраўніка арганізацыі варта прызначаць "дзейных маладых генералаў, каб паказаць значнасць АДКБ".

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, Лукашэнка заявіў: не трэба папракаць Беларусь у тым, што яна гандлюе зброяй з Азербайджанам. Ён растлумачыў, што на выпрабаванні ракетнага комплексу "Паланэз" запрасіў у Беларусь і армян, і азербайджанцаў, і расіян — усе яны мелі магчымасць пераканацца ў тым, што гэта сапраўды высокадакладная зброя.

"Азербайджанцы просяць: прадайце, — расказаў Лукашэнка. — А нам трэба крэдыт вяртаць, які бралі пад гэта. І я тады сказаў, што прадам азербайджанцам. І армянам прапанаваў аналагічны комплекс. Армяне адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ў іх ёсць расійскі "Іскандэр", яго на парадзе паказвалі. І мы па просьбе азербайджанцаў зрабілі ім комплекс да парада. І ў гэтым, напэўна, мая віна — што я пастараўся для парада зрабіць гэты комплекс. Але я ж прапанаваў і армянам, яны сказалі, што не трэба".

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што, нягледзячы ні на што, ён добра ставіцца да ўсіх краін, у тым ліку да Арменіі і армянаў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН