Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985150_445522/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 12:20
14.12.2018 19:03 Палітыка, Эканоміка

Галоўным пытаннем хуткай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка назваў падатковы манеўр

Мінск, 14 снежня. Галоўным пытаннем хуткай сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка назваў падатковы манеўр ў нафтавай галіне РФ, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

"Самае галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць, — пытанне эканамічнае — падатковага манеўру", — сказаў Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі ў Мінску.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не пойдзе ні на якія хітрыкі ў асабістых інтарэсах і ў гульні гуляць не будзе. "Развіваць праект Саюзнай дзяржавы трэба годна і толькі ў інтарэсах беларусаў і расіян", — дадаў афіцыйны лідар.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму дакладваюць, што "Уладзімір Уладзіміравіч прапануе 25 снежня ў Крамлі сустрэцца і абмеркаваць пытанні".

Што да падатковага манеўру ў Расіі, дык ён звярнуў увагу, што за тры гады яго правядзення беларускі бюджэт страціў амаль 3,5 млрд долараў, да 2024 года яго страты, паводле розных ацэнак, складуць да 10,8 млрд. Фактычна мытныя пошліны ўводзяцца іншым шляхам, заявіў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што такім чынам разбураецца аснова саюза. "Была жалезная дамоўленасць: роўныя ўмовы для людзей, для суб`ектаў гаспадарання, каб развіваць інтэграцыю. Сёння не кіем, дык палкай гэта перакрэсліваецца, — сказаў ён. — Інтэграцыя павінна быць дзеля аб`яднання нашых народаў. Гэта павінна быць у інтарэсах нашых людзей".

Як паведамлялася, віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Казак 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі нібыта не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН