Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985152_556699/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 16:39
14.12.2018 19:08 Грамадства

Лукашэнка паабяцаў вывучыць сітуацыю з усыпленнем бяздомных жывёл і адказаць на ліст Брыжыт Бардо

Мінск, 14 снежня. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў адказаць на адрасаваны яму Брыжыт Бардо ліст аб абароне жывёл.

"Мне гэтая тэма знаёмая, Брыжыт Бардо даслала ліст. Рыхтуем ёй адказ. Брыжыт Бардо — велічыня, больш за тое — вельмі важную тэму падняла", — прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі яго словы, што прагучалі на сустрэчы з расійскімі журналістамі 14 снежня ў Мінску.

Адказваючы на пытанне аб сітуацыі з ўсыпленнем бяздомных жывёл у сталіцы, кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён больш падрабязна вывучыць гэтае пытанне. У любым выпадку недапушчальна фармальна падыходзіць да такой тэмы, як усыпленне жывёл, лічыць Лукашэнка.

"Калі здаровыя жывёлы кінутыя і іх ўсыпляюць — гэта бязладдзе. Але бязладдзе наша з вамі. Я як вясковы чалавек ведаю, адкуль з`яўляюцца бяздомныя каты і сабакі — гэта ад нас, гэта мы іх выкідаем на вуліцу. Таму мы будзем вечна змагацца з гэтай праблемай, пакуль самі мазгі ў рукі не возьмем", — рэзюмаваў Лукашэнка.

Як паведамляў БелаПАН, славутая актрыса і абаронца жывёл Брыжыт Бардо ў канцы лістапада накіравала зварот Лукашэнку. Яна просіць кіраўніка беларускай дзяржавы прыняць неабходныя меры для таго, каб сродкі, якія расходуюцца на адлоў і забойства жывёл, былі накіраваныя на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве з мясцовымі зоаабаронцамі, а таксама на прытулкі-лячэбніцы для хворых жывёл і жывёл, якім шукаюць новых гаспадароў. Актрыса паведаміла, што гатовая накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду абароны жывёл, каб "растлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасці сабак і катоў без болю і пакут".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН