Лукашэнка: У нас прайшоў рэферэндум — адмяніць смяротнае пакаранне не магу
Мінск, 14 снежня. На сустрэчы з расійскімі журналістамі 14 снежня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму смяротнага пакарання, падкрэсліўшы, што не можа адмяніць яго ў Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка сказаў, што вывучае сітуацыю заходніх краін, дзе лічаць, што пытанне смяротнага пакарання не павінна выносіцца на рэферэндум. Пры гэтым у размове з беларускім кіраўніком прадстаўнікі Захаду прызнаюць, што дзве траціны насельніцтва падтрымалі б прымяненне выключнай меры пакарання. "Яны прывыклі гаварыць, што гэтае пытанне не для народа. А я лічу — для народа", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў Беларусі адбыўся рэферэндум, на якім большасць грамадзян выказаліся супраць адмены смяротнай кары. "У нас прайшоў рэферэндум. Адмяніць смяротнае пакаранне не магу", — дадаў Лукашэнка. На яго думку, у Расіі, дзе дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне, насельніцтва таксама не падтрымала б яго адмену.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што самыя цяжкія дакументы, якія яму даводзіцца падпісваць, — гэта смяротныя прысуды. Перш чым прыняць рашэнне, ён вывучае асноўныя матэрыялы крымінальнай справы. Прыклады некаторых з іх Лукашэнка, паводле яго слоў, прыводзіць заходнім партнёрам, калі яны пачынаюць размову аб адмене смяротнага пакарання, і пытаецца, ці жадаюць яны, каб нешта падобнае здарылася з іх роднымі.
Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў былі расстраляныя больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін памілаваны прэзідэнтам.