Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985167_789654/
Дата раздрукоўкі: 23.01.2019 12:10
14.12.2018 20:08 Палітыка

Лукашэнка лічыць непрадуманым піяр-ходам узняцце пытання аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай авіябазы

Мінск, 14 снежня. Аляксандр Лукашэнка лічыць непрадуманым піяр-ходам узняцце некаторы час таму пытання аб магчымасці стварэння ў Беларусі расійскай авіябазы. Пра гэта ён заявіў 14 снежня ў Мінску на сустрэчы з расійскімі журналістамі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў межах Саюзнай дзяржавы ў Беларусі і Расіі высокі ўзровень інтэграцыі, у тым ліку ў ваеннай вобласці. "У АДКБ такога няма. У нас тут зона адказнасці АДКБ у заходнім кірунку. У нас распрацаваны план на выпадак абвастрэння адносін з НАТА або, не дай бог, канфлікту ці вайны. У АДКБ з іншымі дзяржавамі гэтага няма. У нас вельмі глыбокая інтэграцыя, аж да ваеннай", — сказаў афіцыйны лідар.

"Праўда, спахабілі ўсё гэтай базай. Нікому база не патрэбная. Слухайце, будаваць нейкую базу на старым аэрадроме (з Пуціным мы абмяркоўвалі гэтую праблему). Я задаю пытанне: навошта? Тры-чатыры хвіліны — час падлёту самалётаў з Расіі. Навошта на перадавую, калі тут вайна пачнецца, цягнуць аэрадром? Адна ракета — узлётна-пасадачная паласа непрыдатная. Гэта быў непрадуманы піяраўскі ход — вось, мы базу тут размесцім", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі некалькі баз ВПС: "На любую базу заўтра саджайце 10-20-30 самалётаў. Карыстайцеся".

Лукашэнка расказаў, што папрасіў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб не было скандалаў, аб сумесных палётах расійскіх і беларускіх лётчыкаў. "І мы гэта ўжо апрабавалі, калі ў нас быў чэмпіянат свету. Нашы разам з расіянамі ляталі на гэтых расійскіх самалётах", — сказаў ён.

Разам з тым Лукашэнка канстатаваў, што нават у ваеннай сферы ёсць шмат пытанняў. У прыватнасці ён звяртаўся да кіраўніцтва Расіі з просьбай даць дзясятак самалётаў, на што не было адназначнага станоўчага адказу. "Я кажу: ты што, намякаеш, што я павінен купіць? У мяне такіх грошай няма. Мне за газ трэба плаціць, крэдыты вяртаць. І наогул, калі шчыра казаць, ты што, хочаш, каб я купіў аўтамат для таго, каб цябе абараняць?" — перадаў ён падрабязнасці размовы.

"Таму ў нас шмат элементарных пытанняў, якія трэба вырашыць, а потым сумесны суд ствараць... Трэба паказаць перш за ўсё беларусам, ды і расіянам, што ў нас тут праблем няма", — лічыць Лукашэнка.

Ён прывёў яшчэ адзін довад: у Беларусі ёсць дзве вельмі важныя расійскія базы, якія расійскі бок не аплачвае. "Заканчваецца тэрмін дамовы у 2019 ці 2020 годзе, і я нават пытання не стаўлю аб аплаце. Неяк няёмка у расіянаў грошы прасіць за гэтыя базы", — сказаў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН