Лукашэнка: Я ідэальнай будучыні Беларусі не бачу
Мінск, 14 снежня. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі 14 снежня ў Мінску адказаў на пытанне, якім ён бачыць ідэальную будучыню Беларусі.
"Я ідэальнай будучыні Беларусі не бачу. Нават расійскі прэзідэнт не здолее ўбачыць ідэальную будучыню Расіі. У Расіі магчымасці велізарныя. А ў мяне ідэальная ў Беларусі... Нават не ў мяне, а ў нашай Беларусі ідэальнай будучыні ніколі не будзе. Таму што ідэальнага не бывае наогул. Нават у ЗША — паглядзіце, што робіцца, нямала праблем", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён звярнуў увагу на тое, як развіваецца свет, што таксама ўплывае на перспектыву дасягнення чагосьці ідэальнага ў жыцці краіны. "Для Беларусі, якая знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх шляхоў... У нас ніколі не было ідэальнага, калі паглядзець у гісторыю, і не будзе. І ў Расіі не будзе. Таму што місія ў Расіі вялікая", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне, якую найлепшую будучыню з магчымых бачыць для краіны кіраўнік дзяржавы, Лукашэнка сказаў: "Я заўсёды кажу па-простаму: галоўнае, каб не жыць ва ўмовах вайны. Вось вайна не патрэбная — ні нам, ні вам. А ўсё астатняе мы самі зробім. Што не зробім — купім".