Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/985191_445566/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:03
14.12.2018 21:55 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Сілуанаў: Расія не абяцала Беларусі кампенсацый з-за падатковага манеўру

Мінск, 14 снежня. Масква не абяцала Мінску выплаціць кампенсацыі з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтагазавай галіне Расіі, бо гэтыя змены з`яўляюцца ўнутранай справай. Пра гэта гаворыцца ў заяве першага віцэ-прэм`ера, міністра фінансаў Расіі Антона Сілуанава.

"Расія не давала Беларусі нейкія абяцанні па выплаце кампенсацый за змены падатковага заканадаўства ў Расіі", — перадае РБК заяву Сілуанава.

13 снежня Беларусь ўзняла пытанне кампенсацый на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце, растлумачыў міністр. Намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што рэспубліка у 2019 годзе разлічвала атрымаць прыблізна 310 млн долараў кампенсацыі ў сувязі з падатковым манеўрам ў Расіі.

Пры гэтым Расія прапанавала Беларусі абмеркаваць эканамічнае супрацоўніцтва "комплексна ў рэчышчы нашых сумесных рашэнняў па выкананні саюзнага дагавора 1999 года".

"На жаль, многія палажэнні гэтага [саюзнага] дагавора ў гэты момант не выконваюцца", — лічыць кіраўнік расійскага Мінфіна. Ён заклікаў "надаць новы імпульс" адносінам краін у межах дамоўленасцяў, якія былі заключаныя дагэтуль.

Як паведамляў БелаПАН, галоўным пытаннем запланаванай 25 снежня сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка назваў падатковы манеўр у нафтавай галіне РФ. "Самае галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць, — пытанне эканамічнае — падатковага манеўру", — сказаў Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з расійскімі журналістамі ў Мінску.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не пойдзе ні на якія хітрыкі ў асабістых інтарэсах і ў гульні гуляць не будзе. "Развіваць праект Саюзнай дзяржавы трэба годна і толькі ў інтарэсах беларусаў і расіян", — дадаў афіцыйны лідар.

Што да падатковага манеўру ў Расіі, дык ён звярнуў увагу, што за тры гады яго правядзення беларускі бюджэт страціў амаль 3,5 млрд долараў, блізу 2024 года яго страты, згодна з рознымі ацэнкамі, складуць да 10,8 млрд. Фактычна мытныя пошліны ўводзяцца іншым шляхам, заявіў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што такім чынам разбураецца аснова саюза.

Віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Казак 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі нібыта не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы".

Падатковы манеўр прадугледжвае, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расіі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін, што можа прывесці да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН