Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/14/eu_985139_445566/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 20:49
14.12.2018 17:49 Грамадства, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Павышэнне прапускной здольнасці на мяжы ў сувязі з навагоднімі святамі абмеркавалі беларускія і літоўскія мытнікі

Мінск, 14 снежня. Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько і выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара мытнага дэпартамента пры Міністэрстве фінансаў Літвы Ёнас Мішкініс 14 снежня абмеркавалі пытанні забеспячэння бесперапыннага патоку транспарту і павышэння прапускной здольнасці на мяжы перад навагоднімі святамі, а таксама падрыхтоўку да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў. Рабочая сустрэча адбылася ў пункце пропуску "Каменны Лог" на мяжы з Літвой.

Як адзначае Дзяржаўны мытны камітэт, беларуска-літоўскую мяжу за 11 месяцаў 2018 года перасяклі амаль 2 млн транспартных сродкаў, або на 186 тыс. адзінак транспарту больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пры гэтым 34% транспартных сродкаў прыпадае на пункт пропуску "Каменны Лог".

У 2019 годзе пачнецца маштабная рэканструкцыя гэтага пункта пропуску, пасля якой чакаецца трохразовае павелічэнне яго прапускной здольнасці. Значна паскорыць правядзенне мытнага кантролю дазволіць устаноўка стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу замест існага мабільнага. Блізу "Каменнага Лога" таксама пачатае будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра з вялікімі складскімі памяшканнямі, дзе будзе адкрыты ведамасны пункт мытнага афармлення.

Паводле інфармацыі ДМК, сёлета мытнымі службамі Беларусі і Літвы выпрацаваныя меры, скіраваныя на павышэнне прапускной здольнасці пунктаў пропуску, размешчаных на беларуска-літоўскай мяжы. У прыватнасці ў лістападзе праведзены эксперымент у "Каменным Лагу" па аптымізацыі пропуску парожніх грузавых транспартных сродкаў, ацэнка вынікаў якога будзе дадзеная найбліжэйшым часам.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН