Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/15/985214_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:22
15.12.2018 14:38 Эканоміка, Фінансы

Урад зацвердзіў пералік адміністратараў даходаў бюджэту і іх паўнамоцтвы

Мінск, 15 снежня. Пералік адміністратараў даходаў бюджэту і замацаваных за імі крыніц даходаў рэспубліканскага бюджэту зацверджаны пастановай Савета міністраў ад 11 снежня 2018 года № 887.

Прынятыя ў Беларусі ў канцы 2017 года папраўкі ў Бюджэтны кодэкс заканадаўча замацавалі паняцце, функцыі і паўнамоцтвы адміністратараў даходаў бюджэту. Пры іх зацвярджэнні адзначалася, што гэтая мера дазволіць з 1 студзеня 2019 года ўпарадкаваць улік усіх абавязацельстваў перад бюджэтам, а таксама будзе спрыяць стварэнню больш дакладнай сістэмы кантролю за паступленнем непадатковых даходаў бюджэту.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, у зацверджаным пераліку вызначаныя 32 адміністратары даходаў. У іх ліку Вярхоўны суд, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генеральная пракуратура, Нацыянальны банк, міністэрствы ўнутраных спраў, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, замежных спраў, культуры, лясной гаспадаркі, абароны, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання. У прыватнасці, за МАРГ замацаваныя даходы, якія паступаюць як пакрыццё выдаткаў на камунальныя паслугі, уключаючы ацяпленне, спажываную электраэнергію і іншыя паслугі, эксплуатацыю, капітальны і бягучы рамонт капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, машына-месцаў.

Адміністратар даходаў бюджэту ажыццяўляе налічэнне, улік і кантроль за правільнасцю вылічэння, паўнатой i своечасовасцю выплаты плацяжоў у бюджэт па замацаваных за ім крыніцах даходаў бюджэту. У спіс функцый таксама ўваходзіць спагнанне нявыплачаных ці не цалкам выплачаных сум замацаваных за ім непадатковых даходаў, пені ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Адміністратар павінен штогод прадстаўляць у Міністэрства фінансаў не пазней за 22 чэрвеня і 22 верасня інфармацыю пра плацяжы па крыніцах даходаў бюджэту на 1 чэрвеня і 1 верасня адпаведна з абгрунтаваннем прагнозу паступлення даходаў, уключаючы аналітычныя матэрыялы і разлікі.

Гэтая пастанова набывае моц 1 студзеня 2019 года. Адміністратары даходаў бюджэту да гэтай даты павінны зрабіць захады па рэалізацыі пастановы. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам таксама да 1 студзеня неабходна зацвердзіць пералікі адміністратараў даходаў бюджэту, якія з'яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі выканкамаў, іншымі падпарадкаванымі арганізацыямі, іх паўнамоцтвы і замацаваныя за імі крыніцы даходаў мясцовых бюджэтаў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН