Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/16/985254_123456/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:30
16.12.2018 13:22 Грамадства

У Гомелі адкрыюць крызісны цэнтр для бяздомных і людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі

Гомель, 16 снежня. У Гомелі адкрыецца крызісны цэнтр, прызначаны для сацыялізацыі асоб без пэўнага месца жыхарства і людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Урачыстая цырымонія адкрыцця сацыяльнай установы адбудзецца 26 снежня ў будынку таварыства Чырвонага Крыжа, размешчанага па вуліцы Свярдлова, 21, у Навабеліцкім раёне абласнога цэнтра, паведамілі БелаПАН у Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

На цырымонію запрошаны кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнал Гаджыеў, прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) Жан-Іў Бушардзі, старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка, кіраўнікі УУС і пракуратуры вобласці, кіраўнікі ўпраўлення аховы здароўя і камітэта па працы, занятасці і сацабароне, іншыя мясцовыя чыноўнікі, а таксама памочнік прэзідэнта Беларусі — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, генеральны сакратар БТЧК Вольга Мычко, кіраўнікі арганізацый-спонсараў.

Будынак па вуліцы Свярдлова, 21, быў перададзены ва ўласнасць Гомельскай абласной арганізацыі БТЧК рашэннем гарвыканкама. За кошт сродкаў Чырвонага Крыжа і спонсарскай дапамогі ў памяшканні быў праведзены рамонт, закуплена неабходнае абсталяванне, зроблена добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Спонсарскую дапамогу аказалі прыватнае прадпрыемства "СтылтСофт", УВКБ ААН, Гомельская епархія БПЦ, навабеліцкая гандлёвая кампанія "Алеся".

Крызісны цэнтр арыентаваны на комплексную сацыяльную падтрымку людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, шляхам давання часовага жылля і суправаджэння ў вырашэнні сацыяльных праблем. У ім будуць знаходзіцца дзесяць чалавек з катэгорый асоб без пэўнага месца жыхарства, грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што атрымалі адмову ў прызнанні бежанцамі на тэрыторыі Беларусі і чакаюць дэпартацыі.

Рашэнні аб прыёме, размяшчэнні і знаходжанні асоб у крызісным цэнтры прымае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Крызісны цэнтр забяспечвае бытавыя, псіхалагічныя і іншыя ўмовы жыццядзейнасці асоб, якія пражываюць у ім, тэрмінам ад аднаго месяца, у выключных выпадках — да трох месяцаў, адзначылі ў БТЧК.

Каля 1.100 замежных грамадзян у 2018 годзе звярнуліся з просьбай аб атрыманні беларускага грамадзянства, паведаміў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка 4 снежня перад пачаткам міжнароднай канферэнцыі па пытаннях безграмадзянства ў краінах СНД. Паводле яго слоў, з гэтай колькасці 250 чалавек — асобы без грамадзянства. Асноўная частка тых, хто звярнуўся, — з краін СНД. Больш за ўсё з Расіі, затым — з Украіны. Далей ідуць краіны сярэдняй Азіі і іншыя, сказаў Мельчанка.

Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН