Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/16/985260_123456/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 02:07
16.12.2018 12:36 Спорт

Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі пад кіраўніцтвам трэнера, які ўспомніў пра вайну, не патрапіла ў вышэйшы дывізіён

Берлін, 15 снежня. Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі (U-20) не змагла вярнуцца ў вышэйшы дывізіён чэмпіянату свету, адкуль выбыла год таму.

На турніры ў групе А дывізіёна I (9-15 снежня, Фюсен, Германія) беларуская каманда заняла другое месца. Першыя тры матчы яна выйграла: 5:3 — у Нарвегіі, 6:2 — у Францыі, 5:0 — у Аўстрыі, а затым саступіла 1:5 гаспадарам — галоўным канкурэнтам за выхад у эліту. У заключным паядынку з Латвіяй, які ўжо нічога не вырашаў, зборная пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Краўчанкі пацярпела паражэнне 1:3.

Выніковае становішча: Германія — 14 ачкоў (розніца шайб 22-05), Беларусь — 9 (18-13), Нарвегія — 8 (15-13), Латвія — 6 (11-13), Аўстрыя — 5 (9-17) , Францыя — 3 (8-22).

Лепшым нападаючым турніру стаў хакеіст беларускай зборнай Іван Драздоў, які выступае ў мінскім "Дынама".

Напярэдадні чэмпіянату Дзмітрый Краўчанка ў інтэрв'ю прэс-службе Федэрацыі хакея, адказваючы на пытанне "У чым наша сіла на гэтым турніры?", у прыватнасці, заявіў: "У нас ёсць свая краіна, свае традыцыі. Мы павінны распраміць плечы. Раней праціўнік у беларускіх лясах баяўся за бярозку адысці, таму што там былі партызаны. Трэба ганарыцца тым, што мы беларусы, паказваць сваю сілу, развіваць гэта. Часам мы пра гэта забываемся ці яшчэ горш — самі сябе топчам. Трэба верыць у сваю ідэю, верыць адзін у аднаго і ісці да мэты. Тады ўсё атрымаецца".

Год таму перад турнірам у топ-дывізіёне маладзёжнага ЧС (прайшоў у Бафала, ЗША) беларуская каманда наведала Музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" Андрэй Фомачкін заявіў хакеістам: "Я хачу павіншаваць вас з тым, што вы як пасланцы нашай рэспублікі едзеце абараняць гонар краіны. Цудоўна, што гэтая слаўная традыцыя — шанаваць памяць нашых дзядоў і бацькоў — доўжыцца да гэтага часу. Вы — байцы, воіны. На полі бітвы, якім для вас з'яўляецца лядовая пляцоўка, памятайце, што за вас усе мы, уся краіна. Мы вельмі перажываем за вас! Кожная гульня — гэта сапраўдны бой".

У 2016 годзе Фомачкін апынуўся ў цэнтры сусветнага скандалу, пранёсшы расійскі сцяг на адкрыцці летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра ў знак салідарнасці са спартсменамі-інвалідамі РФ, якія былі адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах з-за допінгавага скандалу.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239