Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/17/985359_112233/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:56
17.12.2018 14:10 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка заклікаў беларусаў не хвалявацца за наступствы расійскага падатковага манеўру

Мінск, 17 снежня. Аляксандра Лукашэнку насцярожвае тое, што беларусы захваляваліся з-за расійскага падатковага манеўру. Пра гэта ён заявіў 17 снежня падчас дакладу аб канчатковых варыянтах праектаў Падатковага кодэкса і закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2019 год.

Паводле слоў Лукашэнкі, пасля таго як на ўрадавым узроўні Беларусі і Расіі не ўдалося дамовіцца па пытанні падатковага манеўру, з'явілася мноства розных меркаванняў. Ён адзначыў, што з-за змен, якія могуць адбыцца ў выніку падатковага манеўру, для Беларусі чарговы раз пагаршаюцца ўмовы функцыянавання эканомікі ў ЕАЭС і Саюзнай дзяржаве.

"Мяне насцярожвае, што беларусы захваляваліся. Я хачу проста сказаць: хвалявацца абсалютна няма прычын. Гэта наша праблема, кіраўніцтва краіны, якую мы павінны вырашыць. Нават пры найгоршым варыянце нічога не абрынецца", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"А што да 2019 года, то ўвогуле размоў няма. Таму трэба спакойна жыць і працаваць, — дадаў ён. — Калі мы не дамовімся, то гэты падатковы манеўр на нас навалам будзе ісці паступова з 2019-га па 2024 год. У 2019 годзе, калі што, то мы можам страціць прыкладна 400-500 мільёнаў долараў. Так, гэта добрыя грошы, але не катастрофа для краіны".

"І наогул ніякай катастрофы не будзе, — запэўніў Лукашэнка. — Проста мы будзем вымушаныя перафарматаваць у нейкай ступені нашу ўнутраную, знешнюю палітыку. І асабліва ўсё, што звязанае з фінансамі".

Ён яшчэ раз адзначыў, што ніякай насцярожанасці ў людзей быць не можа. "Мы будзем развівацца нягледзячы ні на што, у тым напрамку, у якім мы вызначым тут — у суверэннай незалежнай Беларусі. Таму і бюджэт, а гэта вялікія грошы — мільярды долараў і рублёў — мы павінны вельмі дакладна размеркаваць, каб гэтыя сродкі трапілі туды, куды трэба. Таму, хто ў іх мае патрэбу", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў жыхароў Беларусі спакойна працаваць, перажываць за сваю сям'ю, дзяцей, асабліва напярэдадні навагодніх святаў.

Падатковы манеўр прадугледжвае, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расіі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін, што можа прывесці да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі.

На прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ 14 снежня Лукашэнка заявіў, што за тры гады правядзення падатковага манеўру беларускі бюджэт страціў амаль 3,5 млрд долараў, а блізу 2024 года яго страты, згодна з рознымі ацэнкамі, складуць да 10,8 млрд. Паводле яго слоў, уводзяцца фактычна мытныя пошліны, але іншым шляхам, і такім чынам разбураецца аснова саюза з Расіяй. Гэтае пытанне, сказаў Лукашэнка, стане галоўным на яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 25 снежня.

У той жа дзень першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Масква не абяцала Мінску выплаціць кампенсацыі з-за рэалізацыі падатковага манеўру, бо гэтыя змены з'яўляюцца ўнутранай справай. Ён адзначыў, што 13 снежня Беларусь узняла пытанне кампенсацый ад падатковага манеўру на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце. У прыватнасці віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што у 2019 годзе краіна разлічвала атрымаць прыблізна 310 млн долараў кампенсацыі ў сувязі з падатковым манеўрам у РФ.

Расія, паводле слоў Сілуанава, прапанавала Беларусі абмеркаваць эканамічнае супрацоўніцтва "комплексна ў рэчышчы нашых сумесных рашэнняў па выкананні саюзнай дамовы 1999 года". "На жаль, многія палажэнні гэтага дагавора ў гэты момант не выконваюцца", — лічыць кіраўнік расійскага Мінфіна. Ён заклікаў "надаць новы імпульс" адносінам краін у межах дамоўленасцяў, заключаных дагэтуль.

15 снежня расійская газета "КоммерсантЪ" са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоў з Мінскам, паведаміла: "Расійскі бок паставіў пытанне рубам: спачатку інтэграцыя — потым эканоміка". Паводле неафіцыйнай інфармацыі, віцэ-прэм'ер РФ Дзмітрый Казак на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй 11 снежня нібыта не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239