Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/18/985489_885223/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:00
18.12.2018 11:42 Эканоміка, Фінансы

Праект бюджэту на 2019 год не ўлічвае атрыманне кампенсацыі за падатковы манеўр

Мінск, 18 снежня. Праект рэспубліканскага бюджэту на наступны год не ўлічвае атрыманне Беларуссю кампенсацыі ад Расіі ў сувязі з падатковым манеўрам, паведаміла 18 снежня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна.

Перад сённяшнім разглядам бюджэту ў першым чытанні дэпутат адзначыла, што ў дакумент закладзены базавы сцэнар.

"У даходах бюджэту кампенсацыйныя выплаты з боку Расіі не прадугледжаныя. Бюджэт сфармаваны па даходах як і ў ранейшыя гады. Бюджэт на наступны год сфармаваны з улікам базавага сцэнара", — сказала Дабрыніна.

Яна адзначыла, што праект бюджэту на 2019 год сфармаваны з улікам росту ВУП на 2,1%, але ўрад разлічвае на эканамічны рост на больш высокім узроўні.

"Сцэнар развіцця эканомікі прагназуецца вышэйшым (у параўнанні з прагнозам, які закладзены ў бюджэт. — БелаПАН.)", — адзначыла Дабрыніна.

Такім чынам, бюджэт "адаптаваны да эканамічных умоў", заявіла яна, адказваючы на пытанне журналістаў пра ўплыў наступстваў падатковага манеўру на сітуацыю ў дзяржфінансах.

"Мы памятаем папярэднія гады, калі складанасці ўзнікалі ў пэўны перыяд, тое, што тычыцца прыярытэтных задач (зарплат, пенсій, дапамог), — яны вырашаліся. Тая падтрымка, якая ідзе насельніцтву, яна будзе забяспечаная. Тут няма ніякіх падстаў для хваляванняў з боку грамадства", — падкрэсліла Дабрыніна.

17 снежня Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам членаў урада, заявіў, што сітуацыя вакол падатковага манеўру ў РФ выклікае неспакой у беларускага грамадства. "Мяне насцярожвае, што беларусы захваляваліся. Я хачу проста сказаць: хвалявацца абсалютна няма прычын. Гэта наша праблема — кіраўніцтва краіны, якую мы павінны вырашыць. Нават пры найгоршым варыянце нічога не абрынецца", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што у 2019 годзе, "калі раптам" Расія і Беларусь не дамовяцца, "то мы можам страціць прыблізна 400-500 млн долараў". "Так, гэта вялікія грошы, але не катастрофа для краіны", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, Масква і Мінск вядуць перамовы аб кампенсацыі Беларусі негатыўных наступстваў у сувязі з падатковым манеўрам ў Расіі. Беларускія ўлады ацэньваюць страты краіны ў 2019—2024 галах ў 10,8 млрд долараў. 25 снежня запланаваная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, на якой будзе абмяркоўвацца пытанне аб кампенсацыі Мінску страт у сувязі з падатковым манеўрам ў нафтавай сферы РФ.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239