Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/18/985492_112233/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 10:02
18.12.2018 12:26 Палітыка

Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб мілітарызацыі Крыма

Мінск, 18 снежня. Генеральная асамблея ААН прыняла 17 снежня рэзалюцыю аб мілітарызацыі Крыма, а таксама раёнаў Чорнага і Азоўскага мораў. Беларусь у ліку 19 краін прагаласавала супраць гэтага дакумента.

Як паведамляе сайт ААН, у рэзалюцыі падкрэсліваецца, што "прысутнасць расійскіх войскаў у Крыме супярэчыць нацыянальнаму суверэнітэту, палітычнай незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і падрывае бяспеку і стабільнасць суседніх краін і Еўрапейскага рэгіёна". У ёй выказваецца сур`ёзная заклапочанасць прагрэсам у "мілітарызацыі Крыма Расійскай Федэрацыяй як дзяржавай-акупантам".

Аўтары адзначаюць небяспечнае нарастанне напружанасці і неапраўданае выкарыстанне Расіяй сілы супраць Украіны ў Чорным моры, у прыватнасці захоп 25 лістапада трох суднаў ваенна-марскіх сіл Украіны.

Генеральная асамблея ААН заклікала Расію "безумоўна і неадкладна вызваліць судны і іх экіпажы і абсталяванне", а таксама не перашкаджаць ажыццяўленню навігацыйных правоў і свабод Украіны ў Чорным і Азоўскім морах і Керчанскім праліве. У дакуменце ўтрымліваецца асуджэнне збудавання Расіяй моста цераз Керчанскі праліў "паміж Расійскай Федэрацыяй і часова акупаваным Крымам".

"Генеральная асамблея настойліва заклікае Расійскую Федэрацыю як дзяржаву-акупанта вывесці свае ўзброеныя сілы з Крыма і неадкладна спыніць часовую акупацыю тэрыторыі Украіны", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Дакумент падтрымалі 66 дзяржаў. 72 дэлегацыі ўстрымаліся пры галасаванні. Сярод тых, хто прагаласаваў супраць, — дэлегацыі Арменіі, Беларусі і Узбекістана. Дэлегацыі Казахстана і Кыргызстана ўстрымаліся. Прадстаўнікі Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана не бралі ўдзел у галасаванні.

Першы намеснік пастаяннага прадстаўніка РФ пры ААН Дзмітрый Палянскі назваў рэзалюцыю "шкоднай украінскай задумай". Ён адзначыў, што ў рэзалюцыі ідзе гаворка пра "расійскі Крым". "Падкрэслю — менавіта расійскі, таму што іншага ўжо даўно няма. Нейкая анексаваная, акупаваная і мілітарызаваная тэрыторыя існуе толькі ў праектах нашых украінскіх калегаў, якія дагэтуль, падобна, адчуваюць "фантомныя болі", — сказаў ён. Палянскі заявіў, што "для Расіі і крымчан пытанне прыналежнасці Крыма вырашанае канчаткова і беспаваротна — Крым быў, ёсць і будзе расійскім.

Адзначым, Беларусь ужо не першы раз галасуе ў ААН супраць дакументаў, якія асуджаюць анексію Крыма Расіяй.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239