Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/18/985545_985546/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:29
18.12.2018 13:59 Палітыка, Эканоміка

Намеснік міністра фінансаў: Перамовы па падатковым манеўры заблакаваў расійскі бок

Мінск, 18 снежня. Перамоўны працэс аб кампенсацыі Беларусі за падатковы манеўр расійскі бок стаў блакаваць восенню, паведаміў журналістам 18 снежня ў Мінску намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

 

Паводле яго слоў, восенню завяршыліся перамовы па гэтым пытанні на ўзроўні мінфінаў Беларусі і Расіі. "Мы прыклалі ўсе намаганні, каб перамовы былі канструктыўнымі. Пытанне аб падатковым манеўры стала абмяркоўвацца ў чэрвені гэтага года, і да пэўнага моманту мы канструктыўна ўзаемадзейнічалі. Мы падалі расійскаму боку неабходныя разлікі і дадзеныя, абмеркавалі магчымыя варыянты кампенсацыі страт Беларусі і чакалі ад Расіі прапановы па гэтым пытанні", — расказаў Кійко.

Але ўжо ў верасні-кастрычніку, дадаў ён, кантакты на ўзроўні мінфінаў спыніліся, прычым "у большай ступені гэта адбылося па ініцыятыве расійскага боку".

"У выніку кансультацый не ўдалося выпрацаваць узгодненае рашэнне і ўнесці яго на ўзровень урада. Расійскі бок у большай ступені заблакаваў гэты працэс. Мы урадам не змаглі прапанаваць рашэнні, каб вызначыцца з механізмам кампенсацыі страт Беларусі", — сказаў Кійко.

Адказваючы на пытанні БелаПАН, ён адзначыў, што беларускі бок прапаноўвае разлічыць кампенсацыю, зыходзячы з умоў у нафтавай сферы, якія дзейнічалі да апошняга часу. "Пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе вызначаны базавыя ўмовы ў галіне пастаўкі і перапрацоўкі нафты. Першая — залічэнне ў беларускі бюджэт вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў памеры да 1,5 млрд долараў ЗША, другая — бяспошлінная пастаўка да 24 млн тон расійскай нафты ў Беларусь", — адзначыў намеснік міністра фінансаў.

Кійко нагадаў, што параметры падатковага манеўру, які Расія плануе рэалізаваць у 2019—2024 гадах, прадугледжваюць штогадовае на працягу шасці гадоў зніжэнне ставак мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

"У выніку гэтых змяненняў для Беларусі будзе змяншацца сума вывазных мытных пошлін, якія мы залічваем у свой бюджэт, аж да поўнага выпадзення гэтай крыніцы з 2025 года. Акрамя гэтага, з улікам існага механізму цэнаўтварэння (сусветная цана за вылікам вывазной мытнай пошліны) уваходная цана нафты з прычыны падатковага манеўру для Беларусі будзе расці", — растлумачыў Кійко.

У той жа час, падкрэсліў ён, беларускі бок зыходзіць з таго, што ўмовы ў сферы нафты і нафтаперапрацоўкі, якія былі прадугледжаны пры падпісанні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, пагаршацца не павінны.

"З улікам цаны 70 долараў за бараль нафты памер кампенсацыі выпадаючых даходаў беларускага бюджэту ў 2019 годзе павінен скласці крыху больш за 300 млн долараў. Прычым гэта нарастаючая сума — кожны год (да 2024 года ўключна) выпадаючыя прыбыткі бюджэту будуць павялічвацца на 300 млн долараў", — адзначыў Дзмітрый Кійко.

Агульная сума страт бюджэту (у сувязі са зніжэннем і наступным абнуленнем мытных нафтавых пошлін) і нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі (у сувязі з павелічэннем уваходнай цаны нафты за 2019—2024 гады) ацэньваецца ў 10,8 млрд долараў, паведаміў намеснік міністра фінансаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239