Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/19/985684_985685/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:14
19.12.2018 10:33 Эканоміка, Фінансы

Урад вызначыў парадак правядзення аўкцыёнаў па продажы прыналежных дзяржаве акцый ААТ на Беларускай валютна-фондавай біржы

Мінск, 19 снежня. Пастановай Савета міністраў ад 17 снежня № 909 вызначаны парадак падрыхтоўкі і правядзення аўкцыёнаў па продажы прыналежных дзяржаве акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў у гандлёвай сістэме Беларускай валютна-фондавай біржы, паведаміла прэс-служба ўрада.

Згодна з дакументам арганізацыяй аўкцыёнаў па продажы акцый ААТ у гандлёвай сістэме біржы займаецца орган прыватызацыі, які вызначае ў адпаведнасці з заканадаўствам пачатковую цану продажу акцый, стартавы кошт адной акцыі і пакета акцый, памер кроку цаны адной акцыі і пакета акцый. Ён таксама ўстанаўлівае дату правядзення аўкцыёну, памер задатку (не больш за 10% ад пачатковай цаны продажу акцый), устанаўлівае дату заканчэння прыёму біржай заявак на ўдзел у аўкцыёне. Сярод функцый органа па прыватызацыі вызначана стварэнне камісіі па правядзенні аўкцыёну. Інфармацыйнае паведамленне аб правядзенні аўкцыёну павінна быць апублікавана не менш чым за 30 дзён да дня яго правядзення.

Продаж прыналежных дзяржаве акцый ажыццяўляецца ў адпаведнасці з лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі біржы, якія рэгулююць парадак продажу прыналежных дзяржаве акцый на біржы.

Удзельнікі аўкцыёну маюць права заключаць здзелкі ад свайго імя і за свой кошт або ад свайго імя і за кошт толькі аднаго кліента, або ад свайго імя і ў інтарэсах толькі аднаго кліента, дзейнічаючы ў якасці давернага кіраўніка. Пры падачы заяўкі на ўдзел у аўкцыёне называецца асоба, за кошт якой ці ў інтарэсах якой плануецца заключэнне здзелак. Крок цаны пры продажы акцый устанаўліваецца ў памеры 5—10% ад пачатковай цаны. Стартавы кошт акцый (адной акцыі) устанаўліваецца як сума пачатковай цаны акцый (адной акцыі) і кроку цаны.

Аплата акцый праводзіцца не пазней за 30 рабочых дзён з дня падпісання пратакола аб выніках таргоў у рэжыме аўкцыёну або пратакола аб выніках таргоў, калі іншае не пазначана ў рашэнні аб прыватызацыі.

Палажэннем аб парадку правядзення аўкцыёнаў па продажы акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў у гандлёвай сістэме ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" дапоўнена пастанова Савета міністраў ад 31 снежня 2010 года № 1929 "Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў па пытаннях прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці".

Пастанова набудзе моц 20 снежня.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН