Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/20/985849_445566/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 04:01
20.12.2018 11:07 Эканоміка, Фінансы

Паліва ў Беларусі з-за расійскага падатковага манеўру можа падаражэць на 5—7%

Мінск, 20 снежня. Правядзенне ў Расіі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5—7%, заявіў намеснік прэм`ер-міністра Ігар Ляшэнка 20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Паводле яго слоў, пытанне наступстваў падатковага манеўру з`яўляецца для беларускага ўрада асноўным. "Таму перамовы з Расійскай Федэрацыяй працягваюцца і будуць працягвацца", — сказаў Ляшэнка.

Віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што, згодна з разлікамі ўрада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 долар за тону з выхадам на сусветныя цэны блізу 2024 года.

Страты двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў Саўмін ацэньвае ў наступным годзе ў 240 млн долараў, зніжэнне паступленняў у дзяржаўны бюджэт — прыкладна 143 млн долараў. Ляшэнка падкрэсліў, што расійскае кіраўніцтва прадугледзела бюджэтны механізм кампенсацыі страт ад падатковага манеўру. "У Беларусі такіх крыніц кампенсацыі няма", — дадаў ён.

Беларусь вядзе перамовы з Расіяй аб кампенсацыі страт у сувязі з рэалізацыяй РФ падатковага манеўру, які можа прывесці да паступовага выпадзення нафтавых даходаў з беларускага бюджэту. На 25 снежня запланаваныя перамовы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, цэнтральная тэма якіх — кампенсацыя Беларусі негатыўных наступстваў у сувязі з расійскім падатковым манеўрам. Раней Мінфін Беларусі заявіў, што Расія заблакавала абмеркаванні гэтага пытання.

17 снежня Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам членаў урада, заявіў, што сітуацыя вакол падатковага манеўру ў РФ выклікае непакой у беларускага грамадства. "Мяне насцярожвае, што беларусы захваляваліся. Я хачу проста сказаць: хвалявацца абсалютна няма прычын. Гэта наша праблема — кіраўніцтва краіны, якую мы павінны вырашыць. Нават пры найгоршым варыянце нічога не абрынецца", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што у 2019 годзе, "калі раптам" Расія і Беларусь не дамовяцца, "то мы можам страціць прыкладна 400-500 млн долараў". "Так, гэта прыстойныя грошы, але не катастрофа для краіны", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239