Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/20/985899_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:28
20.12.2018 14:00 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Бізнес можа адыграць значную ролю ў пашырэнні занятасці ў сталіцы

Мінск, 20 снежня. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сфера бізнесу можа адыграць значную ролю ў пашырэнні занятасці ў сталіцы. Пра гэта ён заявіў 20 снежня на нарадзе з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама і Мінгарсавета.

"У найбліжэйшай будучыні рабатызацыя ахопіць і прамысловыя прадпрыемствы Мінска. Галоўная задача — працаўладкаваць людзей, і пра гэта трэба думаць ужо сёння. Дабратворным асяроддзем для пашырэння занятасці можа стаць малы і сярэдні бізнес. Але пры ўмове, што колькасць яго суб'ектаў у сярэднетэрміновай перспектыве ўзрасце не менш чым у два разы", — сказаў ён.

"Калі гарадская ўлада будзе "стымуляваць" прадпрымальніцтва так, як гэта рабіла ранейшая, то праблему мы ніколі не вырашым. Пакуль за студзень—верасень 2018 года створана ўсяго 195 высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Пры гэтым, нягледзячы на рост насельніцтва сталіцы, колькасць занятых з 2010 года скарацілася на 28 тыс. чалавек", — акцэнтаваў увагу Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Мінск — адзіны з рэгіёнаў устойліва фармуе прафіцытны бюджэт, аднак сёння гэта адбываецца за кошт імпарцёраў. "У сталіцы іх 10 тысяч — палова ад агульнай колькасці па рэспубліцы. Але ўраду пастаўленая задача разабрацца з гэтым імпартам, заняцца прадметна імпартазамяшчэннем, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Структура бюджэтных даходаў павінна быць менш залежнай ад імпарту з улікам прыбытковасці бізнесу ў горадзе, кошту зямельных участкаў, узроўню даходаў".

Лукашэнка падкрэсліў, што прамысловасць Мінска складае амаль 16% ад рэспубліканскіх аб'ёмаў вытворчасці. З-за сваёй сярэднетэхналагічнай структуры яна адчувае пастаянны дэфіцыт работнікаў па спецыяльнасцях, якія непрывабныя для жыхароў сталіцы. "А значыць, сюды едуць людзі з рэгіёнаў. Сёння ў рэальным сектары горада працуюць амаль 200 тыс. чалавек. У любой з абласцей гэты паказчык меншы", — сказаў ён.

Акрамя таго Лукашэнка звярнуў увагу на актуальнасць для Мінска задачы па павышэнні заробкаў нізкааплатных катэгорый работнікаў, нягледзячы на тое, што прыбыткі ў сталіцы на душу насельніцтва ў 1,5 разу большыя, чым у сярэднім па краіне.

"Дваццаць працэнтаў жыхароў горада да гэтага часу атрымліваюць менш за чатырыста рублёў за месяц. Таму задача па павышэнні зарплат нізкааплатных катэгорый работнікаў актуальная і для Мінска. Тым больш што цэны на тавары і паслугі тут самыя высокія ў краіне", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён паведаміў, што ў Мінску сёння функцыянуюць каля 12 тыс. рознічных гандлёвых аб'ектаў, 3 тыс. аб'ектаў грамадскага харчавання і 98 гандлёвых цэнтраў. За дзве з паловай пяцігодкі гандлёвыя плошчы павялічыліся амаль у тры разы. "Аднак такая маштабная канкурэнцыя слаба ўплывае на цэнавую сітуацыю. Па-ранейшаму рэальных скідак няма альбо яны сімвалічныя, а заходнееўрапейскі шопінг у мінчан лічыцца больш прывабным", — канстатаваў ён.

Лукашэнка ў сувязі з гэтым паставіў задачу для гарадской улады стварыць такія ўмовы, каб людзям хацелася траціць грошы ў сваім горадзе.

Як нагадаў Лукашэнка, ён пры прызначэнні Анатоля Сівака старшынёй Мінгарвыканкама казаў пра тое, што трэба сур'ёзна звярнуць увагу на "сеткавых монстраў" ў сталіцы. "Ні ў якім разе нельга загубіць крамы крокавай даступнасці. Яны павінны існаваць", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239