Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/20/985911_856302/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 00:27
20.12.2018 14:35 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Далейшае развіццё Мінска павінна праходзіць найперш за кошт рэканструкцыі існых тэрыторый

Мінск, 20 снежня. Далейшае развіццё Мінска павінна праходзіць перш за ўсё за кошт рэканструкцыі існых тэрыторый, а не новага будаўніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 снежня на нарадзе з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама і Мінгарсавета.

Ён адзначыў, што велізарныя плошчы занятыя вытворчымі аб'ектамі, якія можна выкарыстоўваць больш эфектыўна. "Пачынае выяўляцца хвароба нераўнамернасці транспартнага цяжару. Асобныя вуліцы, развязкі проста задыхаюцца. Неабходныя недарагія, але прадуманыя рашэнні. Пры гэтым рабіць замах на зялёныя насаджэнні нават і не думайце", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка папярэдзіў, што за тым, як гарадскія ўлады ў краіне абыходзяцца з дрэвамі, паркамі і скверамі, назірае спецыяльная група, маніторыць інтэрнэт і вынікі адразу ж паведамляе кіраўніку дзяржавы. "Перш чым секчы, падумайце, колькі дрэў вы пасадзілі. Гэта ж здароўе. Падумайце пра дзяцей", — заклікаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў выключыць практыку, калі забудоўшчыку дазваляецца адкарэктаваць праект і не будаваць паркінгі, аб'екты сацыяльнага прызначэння, не займацца добраўпарадкаваннем. "Хіба гэта зніжае канчатковы кошт? Эканомія ідзе ў кішэню забудоўшчыка, а цяжар на інфраструктуру і бюджэт узрастае да крытычных значэнняў", — адзначыў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу і на праблему няўзгодненасці дзеянняў розных службаў на мясцовым узроўні: "На канкрэтных прыкладах гэта наогул як на далоні. Спачатку дарожнікі латаюць ямы, потым камунальнікі ўзрываюць асфальт і пракладваюць трубы, затым свае сеткі мяняюць электрыкі, сувязісты... І людзі ўсё гэта бачаць".

Раскрытыкаваў Лукашэнка таксама працу грамадскага транспарту сталіцы, заўважыўшы, што ён не адпавядае сучасным запытам грамадства. Гэтую праблему, заявіў беларускі кіраўнік, можна часткова вырашыць з дапамогай метро, таму чатыры станцыі на трэцяй лініі неабходна ўвесці ў эксплуатацыю ў першай палове 2020 года.

Лукашэнка падкрэсліў, што трэба арыентавацца на электратранспарт, каб палепшыць экалогію горада. І параіў вытворцам электратранспарту задумацца над зніжэннем выдаткаў, таму што "высокая цана новага транспарту цяжкая для бюджэту".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што праз год запрацуе БелАЭС, а ў Мінску дагэтуль няма ні зараднай інфраструктуры для асабістага электратранспарту, ні комплексных правілаў яе размяшчэння, ні сур'ёзных стымулаў да стварэння.

Лукашэнка заявіў, што вырашэнне транспартных задач для новага старшыні Мінгарвыканкама Анатоля Сівака як для былога міністра транспарту і камунікацый — справа гонару.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239