Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/20/985928_885522/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:30
20.12.2018 14:43 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка даручыў перавесці пітное водазабеспячэнне Мінска на падземныя крыніцы і адмовіцца ад пластыкавай тары для вады

Мінск, 20 снежня. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Мінска да сярэдзіны наступнай пяцігодкі цалкам перавесці пітное водазабеспячэнне горада на падземныя крыніцы. Пра гэта ён заявіў 20 снежня на нарадзе з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама і Мінгарсавета, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, усе буйныя гарады маюць праблемы з водазабеспячэннем. "Мінску трэба паўмільёна кубаметраў вады на дзень. Да прыкладу, вады з возера Нарач хапіла б толькі на тры-чатыры гады. У сталіцы сёння траціна крыніц — паверхневыя. Гэта няправільна. Плануйце да сярэдзіны наступнай пяцігодкі, крайні тэрмін — 2025 год, цалкам перавесці ўсё пітное водазабеспячэнне горада на падземныя крыніцы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на стан мінскай воднай сістэмы. "Рака Свіслач, яе прытокі, прылеглыя да яе тэрыторыі неабходна перш за ўсё прывесці ў належны санітарна-гігіенічны стан, — падкрэсліў Лукашэнка. — Дарэчы, я ўжо паказаў, як гэта зрабіць уласнымі рукамі. Едзьце — насупраць Драздоў па рэчцы прайдзіцеся і паглядзіце. І кожны год гэты парадак падтрымліваю".

Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу паступова адмаўляцца ад выкарыстання пластыкавай тары, якая шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Ён прапанаваў пачаць гэтую працу з бутэлек для вады. "Нам трэба сыходзіць ад поліэтылену, для пачатку хаця б для разліву вады. У нас дастаткова вытворчасці шклянога посуду. І не трэба труціць людзей. Упэўнены, што ў вялікіх і малых начальнікаў вадзіца ўжо ў шкле. У свеце пайшла тэндэнцыя вызваляцца ад поліэтылену і больш арыентавацца на экалагічна чыстую тару. Гэтая задача для вас", — сказаў Лукашэнка.

Важнай тэмай ён назваў збор, перапрацоўку і захаванне цвёрдых бытавых адходаў, дзе неабходныя кардынальныя сучасныя экалагічныя рашэнні. Лукашэнка адзначыў, што з перапрацоўкі смецця можна атрымліваць немалы прыбытак.

"Яшчэ больш важна — гэта агіднае наша стаўленне да перапрацоўкі другаснай сыравіны, — сказаў ён. — Па-мойму, у Швейцарыі ўсё шкло вырабляецца з адходаў гэтага ж шкла. Усё ідзе ў перапрацоўку".

На думку Лукашэнкі, у Мінску дрэнна арганізаваная праца з насельніцтвам, толкам не функцыянуе сістэма паасобнага збору адходаў. "У выніку перапрацоўваецца ўсяго 17%, а павінна не менш за палову ці хаця б 30% на першым этапе. Гэта выключна арганізацыйныя пытанні, і вялікіх сродкаў тут не трэба. Проста неабходна навесці парадак", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка закрануў і тэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска, якая ўяўляе сабой комплекс з самай вялікай колькасцю спажыўцоў. "Ад бездакорнасці яго функцыянавання залежаць развіццё эканомікі, здароўе і працаздольнасць людзей, настроі ў грамадстве. І ў тым ліку рэпутацыя ўлады", — сказаў ён і даручыў выбудаваць у Мінгарвыканкаме "эфектыўную сістэму своечасовага рэагавання".

Ён дадаў, што ключавая задача для Мінска такая ж, як і для ўсёй краіны, — павышэнне якасці паслуг пры адначасовым зніжэнні выдаткаў на іх аказанне. "Напрыклад, страты цяпла знізіліся з 13 да 8%. Але гэта трэба праверыць. Нядрэнна, але ў той жа час мала. Страты павінны быць 5% і менш. Гэта будзе добры паказчык для Мінска", — лічыць Лукашэнка.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239