У Мінску ўпершыню падпісаная Стратэгія незалежнага медыясектара Беларусі
Мінск, 20 снежня. У Мінску 20 снежня ўпершыню падпісаная Стратэгія незалежнага медыясектара Рэспублікі Беларусь. Дакумент падпісалі каля 40 журналістаў і медыяэкспертаў.
Дакумент распрацаваны грамадскім аб`яднаннем "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ). Ён рыхтаваўся два гады па выніках сустрэч, у якіх узялі ўдзел больш за 80 чалавек — прадстаўнікі БАЖ, Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб`яднаныя масмедыя", фонду "Масавыя камунікацыі", нацыянальныя і рэгіянальныя СМІ, медыяэксперты.
Стратэгія разлічаная на 2019—2024 гады. Яе мэта — згуртаваць незалежныя беларускія медыя для супрацьстаяння сучасным выклікам на інфармацыйным рынку Беларусі.
Сярод асноўных выклікаў у дакуменце названыя: палітычны націск, абмежаванне свабоды слова і дзейнасці, недахоп фінансавання, уцечка кадраў, пераход аўдыторыі ў інтэрнэт, сацсеткі і месэнджары, слабая кааперацыя, негатыўны ўплыў канкурэнцыі за абмежаваныя рэсурсы (фінансавыя, чалавечыя і інш.), уплыў расійскіх медыя і прапаганды на беларускі медыярынак і беларускую аўдыторыю, парушэнне аўтарскіх правоў СМІ і інш.
Стратэгія вызначае пяць прыярытэтных напрамкаў дзейнасці незалежнага медыясектара краіны:
- пераадоленне прававых і палітычных абмежаванняў свабоды слова;
- умацаванне фінансавай устойлівасці незалежнага медыясектару;
- умацаванне кадравага патэнцыялу СМІ і павышэнне кваліфікацыі журналістаў;
- адаптацыя незалежных медыя да зменаў у спажыванні інфармацыі;
- развіццё самарэгулявання ў сферы аўтарскага права.
Як адзначыў у каментары БелаПАН старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, прыняцце стратэгіі "ў нейкай ступені выкліканае неабходнасцю для медыясектара самавызначыцца, назваць каштоўнасныя падыходы, якія яго аб`ядноўваюць".
"З іншага боку, — дадаў Бастунец, — гэтая стратэгія можа стаць стымулам для ўзмацнення супрацоўніцтва ў медыясектары з мэтай распрацоўкі сумесных праграм і тактычных планаў, напрыклад, у галіне захавання аўтарскіх правоў у СМІ, або ў сувязі са зменай медыяспажывання і тым, як гэта ўплывае на рынак інфармацыі".
Тэкст Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі размешчаны ў адкрытым доступе на сайце БАЖ.