Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/21/986132_589647/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 00:40
21.12.2018 14:23 Эканоміка

Міністр энергетыкі: Цана на газ для Беларусі у 2019 годзе вызначаная і змяніцца не павінна

Мінск, 21 снежня. Цана на прыродны газ для Беларусі у 2019 годзе вызначаная і ніякім чынам не павінна быць змененая, заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч 21 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Па 2019 годзе цана на газ вызначаная і вядомая — 127 долараў [за тысячу кубаметраў], — сказаў ён. — Ніякіх зменаў не плануецца. Гэтая велічыня прапісаная ў міжурадавым пратаколе ад 13 красавіка 2017 года, а таксама замацаваная ў пратаколе паміж урадам Рэспублікі Беларусі і АТ "Газпром". Па 2020 годзе адпаведныя перамовы вядуцца".

"Згодна з артыкулам пратакола аб пытаннях цэнаўтварэння на прыродны газ для Беларусі да 1 ліпеня расійскаму і беларускаму бакам трэба падрыхтаваць адпаведную прапанову па ўнясенні зменаў у цэнавы пратакол 2011 года. Гэтае пытанне яшчэ адкрытае. Адпаведныя прапановы беларускім бокам накіраваныя, яны знаходзяцца ў стадыях абмеркавання. Але ў нас яшчэ ёсць паўгода, каб выпрацаваць узгодненае рашэнне. Гэта будзе тычыцца пытання фармавання цаны на 2020—2024 гады, гэта значыць на пераходны перыяд да стварэння [адзінага] рынка газу, які плануецца з 1 студзеня 2025 года", — адзначыў міністр.

На просьбу ўдакладніць, якія прапановы ўнесла Беларусь, Каранкевіч адказаў: "Яны грунтуюцца на тым узроўні, які ўжо дасягнуты у 2019 годзе". "У далейшым фармаванне цаны на прыродны газ павінна прадугледжваць далейшае імкненне бакоў рухацца да стваранага рынку газу", — дадаў чыноўнік.

Пытанне аб кошце газу ўздымалася 6 снежня на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка паспрачаліся аб справядлівасці дзейнай цаны на расійскі газ для Беларусі.

Лукашэнка, у прыватнасці, заўважыў, што тарыф "Газпрома" на транспартаванне прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 долары за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расіі — прыблізна долар. "Важны не тарыф, важная канчатковая цана газу. Звяртаю ўвагу, што 129 долараў — цана сёння ў Беларусі, будзе ў наступным годзе 127 долараў. А ў ФРГ — 250", — сказаў у адказ Пуцін.

"Вы маеце рацыю, Уладзімір Уладзіміравіч, але наш галоўны гандлёвы партнёр — не ФРГ, а Расія", — падкрэсліў Лукашэнка. "Аднак ужо сёння нашы партнёры маюць перавагі. Калі б была рынкавая цана для Беларусі — было б пад 200", — парыраваў Пуцін.

Пасля заканчэння саміту Лукашэнка паведаміў журналістам, што да канца года плануе яшчэ раз сустрэцца з Пуціным для абмеркавання нявырашаных праблем.

13 снежня першы намеснік кіраўніка апарату Кабінета міністраў РФ Сяргей Прыходзька заявіў журналістам: ва ўрадзе Расіі ўпэўненыя, што Масква і Мінск знойдуць ўзаемапрымальнае рашэнне па цане на газ, які будзе пастаўляцца з 2020 года. Паводле яго слоў, пытанне аб цане на прыродны газ для Беларусі з 1 студзеня 2020 года абмяркоўваецца ў межах рабочай групы па лініі міністэрстваў энергетыкі дзвюх краін, пасяджэнні якой адбыліся ў верасні ў Маскве і ў лістападзе ў Мінску, а таксама разглядаецца на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў урадаў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239