Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/21/986137_885502/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:16
21.12.2018 14:49 Палітыка

Лукашэнка разлічвае, што краіны АДКБ пры выбары генеральнага сакратара будуць прытрымлівацца практыкі прызначэння "дзейных маладых і перспектыўных генералаў"

Мінск, 21 снежня. Аляксандр Лукашэнка 21 снежня правёў рабочую сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі Станіславам Засем, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Зась праінфармаваў беларускага кіраўніка пра свае сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў — членаў АДКБ, якія павінны былі ўзгадніць яго кандыдатуру на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі. Такая форма прызначэння была прапанаваная Лукашэнкам на лістападаўскай сустрэчы прэзідэнтаў у Санкт-Пецярбургу.

Зась ужо наведаў Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан і Расію. Кіраўнікі гэтых дзяржаў ухвалілі беларускую кандыдатуру. Лукашэнка таксама афіцыйна падтрымаў прызначэнне Зася, падпісаўшы адпаведны праект рашэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

"Я раней казаў пра тое, што быў не адзін кандыдат ад Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Але я спыніўся на прапанове Зася, каб паказаць, калі можна так сказаць, прыклад, што пара нам ужо ў гэтай арганізацыі перайсці ад нейкага фармальнага прызначэння былых, адстаўных генералаў (нічога не хачу дрэннага сказаць пра іх) да дзейных маладых і перспектыўных генералаў, каб надаць значэнне гэтай арганізацыі. Тым больш што мы прызначалі адстаўных генералаў, якія ўжо даўно адышлі ад вайсковай службы, ад палітыкі, а ўсё-ткі гэта ваенна-палітычная арганізацыя".

Лукашэнка выказаў надзею, што такой практыкі ў будучыні будуць прытрымлівацца і іншыя члены АДКБ пры прызначэнні сваіх прадстаўнікоў на пасаду генеральнага сакратара.

"І, натуральна, гэта адпавядае нашым крытэрам падрыхтоўкі і прызначэння кадраў: прафесіяналізм і любоў да той справы, якой ты будзеш займацца", — адзначыў ён.

Лукашэнка таксама абмеркаваў з Засем пытанні функцыянавання АДКБ і праблематыку рэгіянальнай бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых у лістападзе на саміце арганізацыі ў Астане. Тады бакі ў прыватнасці зацвердзілі палажэнні аб прававым афармленні статусаў назіральніка і партнёра АДКБ — у свой час гэтае пытанне было ўзнятае Беларуссю.

Гаворка ішла таксама аб умацаванні агульных межаў на прасторы АДКБ, перш за ўсё ў Сярэдняй Азіі. Абмеркаваныя і шэраг іншых напрамкаў дзейнасці.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН