Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/21/986147_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.03.2019 17:51
21.12.2018 15:45 Грамадства, Палітыка

Суд адмяніў штраф актывісту за ўстаноўку крыжоў каля Курапат

Мінск, 21 снежня. Суд Цэнтральнага раёна Мінска 20 снежня задаволіў скаргу ўдзельніка акцыі па абароне ўрочышча Курапаты Валерыя Рабцава і адмяніў адміністрацыйны штраф, накладзены на яго раней кіраўніцтвам КУП "Мінскаблдарбуд".

У канцы кастрычніка Рабцаў быў аштрафаваны на дзве базавыя велічыні (49 рублёў) за тое, што 28 верасня без ўзгаднення паставіў 13 крыжоў уздоўж дарогі ля Курапатаў. "Мінскаблдарбуд" палічыў гэта адміністрацыйным правапарушэннем згодна з артыкулам 18.35 КоАП (пашкоджанне або забруджванне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудавання). Акрамя Рабцава штрафы па гэтым артыкуле атрымалі яшчэ некалькі актывістаў.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, суддзя Вікторыя Шабуня прыняла рашэнне на карысць актывіста. Пастанову "Мінскаблдарбуда" павінна быць адмененае, а адміністрацыйная справа накіраваная на новы разгляд іншай службовай асобай. Суддзя адзначыла, што службовая асоба, якая выносіла пастанову, не прывяла абставінаў правапарушэння.

З 31 мая штодня ля Курапатаў праходзяць акцыі супраць працы рэстарана "Паедзем паядзім". У цэнтры ўрочышча 6 лістапада ўсталяваны афіцыйны знак у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.

Адзначым, што ў час традыцыйнага мітынгу на Дзяды ў Курапатах 28 кастрычніка адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, пасля ўстаноўкі мемарыяла ўлады плануюць перадаць тэрыторыю Курапатаў у падпарадкаванне Міністэрству культуры, а затым прыбраць адтуль шматлікія драўляныя крыжы. Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юрась Беленькі заявіў, што ў канцы кастрычніка яму патэлефанавалі з ідэалагічнага аддзела Мінаблвыканкама і папярэдзілі пра адказнасць у выпадку ўстаноўкі новых крыжоў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН