Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/21/986151_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:48
21.12.2018 15:53 Грамадства

Лідар "Маладога фронту" Урбановіч аштрафаваны на 40 базавых велічынь за ўдзел у акцыі "Ноч расстраляных паэтаў"

Мінск, 21 снежня. Дзяніс Урбановіч, лідар "Маладога фронту" (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі), аштрафаваны на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за ўдзел у акцыі "Ноч расстраляных паэтаў", якая адбылася 29 кастрычніка ў Курапатах.

Рашэнне аб накладанні адміністрацыйнага спагнання прыняў 18 снежня суддзя суда Лагойскага раёна. Актывіст на судзе не прысутнічаў, пра штраф ён даведаўся з пастановы, якая прыйшла па пошце. Яе фота ён размясціў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

У дакуменце адзначаецца, што Урбановіч парушыў закон "Аб масавых мерапрыемствах", што выявілася "ў прыняцці ім актыўнага ўдзелу ў складзе групы грамадзян у пікетаванні без адпаведнага дазволу Мінскага раённага выканаўчага камітэта з мэтай публічнага выказвання сваiх адносiнаў да функцыянавання рэстарана "Паедзем паядзім" і палітычных рэпрэсій 1930—1940 гадоў, дзе дэманстратыўна ажыццяўляў нанясенне ўдараў у звон".

29 кастрычніка ў Курапатах прайшла акцыя "Ноч расстраляных паэтаў" з удзелам прыкладна 70 чалавек. Акцыя адбылася ў заходняй частцы ўрочышча, а не на цэнтральным узгорку (так званай Галгофе), дзе вяліся падрыхтоўчыя работы да ўстаноўцы мемарыяла. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239