Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/22/986241_986242/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:03
22.12.2018 11:52 Эканоміка, Грамадства

У Беларусі павялічваецца бязмытны парог на пасылкі з-за мяжы

Мінск, 22 снежня. У Беларусі павялічваецца гранічна дапушчальная месячная норма бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання ў міжнародных паштовых адпраўленнях з 22 еўра і 10 кг да 200 еўра і 31 кг (у сукупнасці) пры захаванні разавай нормы аднаго адпраўлення ў памеры 22 еўра і 10 кг. Гэта прадугледжана ўказам № 490 "Аб мытным рэгуляванні", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 снежня, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У 2016 годзе ў Беларусі значна скарацілі ліміт на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы. Цяпер беларусам даводзіцца плаціць мытныя плацяжы пры перавышэнні кошту замоўленага тавару ў 22 еўра і вагой большай за 10 кілаграмаў. Калі ліміт перавышаны, адрасат заплаціць 30% ад сумы перавышэння (але не менш за 4 еўра за кг), а таксама мытны збор 5 еўра. Раней у Беларусі ліміт на пасылкі для асабістага карыстання складаў 200 еўра і 31 кілаграм у месяц.

"Белпошта" ўказвала, што з-за ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы за год згубіла 4,6 млн рублёў даходаў.

Зацверджаны 22 снежня ўказ прэзідэнта таксама зняў абмежаванні на ўвоз у міжнародных паштовых адпраўленнях тавараў медыцынскага прызначэння, харчовай прадукцыі, дыетычнага лячэбнага харчавання, неабходных для грамадзян, якія пакутуюць на асобныя невылечныя захворванні.

Акрамя таго, дакумент дае права крамам бяспошліннага гандлю рэалізоўваць тавары ў Нацыянальным аэрапорце Мінск пры ўездзе ў Беларусь, а таксама арганізоўваць гандаль на бартах паветраных суднаў беларускіх авіяцыйных кампаній, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі пасажыраў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239